ЛитМир - Электронная Библиотека

Пракоп прывязаў карову ля карыта з вадой. Алена ўселася на ўслончыку, мокрай шматай старанна выцерла вымя, i першыя нiткi малака спачатку паволi, а пасьля барзьдзей пачалi цурчэць па дне бляшанае, пацямнелае ўжо ад гадоў, цынкаванае даёнкi.

— Вы ўжо елi? — спытаў Пракоп.

— Няўжо-ж цябе ждалi…

— Мiкола кабылу дагледзiў?

— Га? Мусiць-ткi. Ён-жа сваю работу знаiць.

Бахмач абапёрся аб паркан i доўга глядзеў у вагарод, дзе расло варыва, па бакох абсаджанае сланечнiкамi.

— От дожджу трэба на гвалт, — сказаў ён i зрокам кiнуў уверх, быццам чакаючы адтуль нейкага неадкладнага адказу. Ён ужо забыўся, калi галiўся й стрыгся. Паволi чухаў правай рукой патылiцу.

— Гэта-ж агуркi во такiя марныя, каб саўсiм нi павысыхалi. Трэба было Мiколу сказаць, каб палiў, можа ваду з гнаёўкай разьмяшаўшы…

— Сам чаму-ж ня рупiцца?

— От гаворыш як-бы не знаiш усiроўна. Ён дзе зь дзяцюкамi каб на чарку, дык ласы…

Пракоп ня пiў i не палiў. Гэтыя дзьве слабасьцi прышчапiлiся, сам не спасьцярог калi, да сына. Ня мог яму гэтага дараваць, але колькi нi ўпiкаў, нiчога не памагала.

Увайшоўшы ў хату, зьдзеў i павесiў на крук шапку, выдабыў зь печы бульбу й аладкi, паставiў iх на стол. Iз збана на палiцы налiў у глiняную мiску кiслага малака. Сеўшы за стол, перахрысьцiўся й пачаў паволi есьцi. Вялiкi шэры кот цёрся ля босых ног.

Ужо канчаў Пракоп сьнеданьне, калi расчынiлiся дзьверы й паволi, быццам як складзены, у хату ўвайшоў Мiкола. Гэта быў высокi худы дзяцюк. Зьдзеў шапку, павесiў побач бацькавай на сьцяне. Блёнд валосы нядбала рассыпалiся па галаве. Сiнiя вочы супакойна паглядалi на бацьку. Нiчога не сказаўшы, сеў на ўслоне.

Хата мела глiнабiтную падлогу. Ня стала ў Пракопа сродкаў, каб здабыцца на дошкi. Сьцены навокал столу былi паабклейваныя газэтамi, а далей — голыя. На покуцi вiселi тры абразы. На сьцяне, што ад вулiцы, у зашклёных рамках тоўпiлiся сямейныя здымкi. Ля сьцяны стаяў доўгi ўслон, на якiм цяпер сядзеў Мiкола. Побач перагародкi, што ад печы аж да сьцяны аддзяляла два ложкi ў спальнi, стаялi два малыя ўслончыкi. У качарэжнiку ў кутку ля печы прытаiлiся вiлы, качарга, чапяла, памяло й мятла. Ля печы на вялiкай нiзкай i шырокай бярозавай калодзе стаяла драўлянае вядро з вадой, а побач — медзяная, зробленая iз знараднай гiльзы, конаўка. Ля калоды стаяў цэбрык, куды зьлiвалiся памыi. Мухi поўзалi па мокрадзi, лянiва гудзелi на вокнах i на столi. Ля дзьвярэй, што ў сенцы, на сьцяне была шырокая палiца, адкуль Пракоп узяў тое кiслае малако. Палiца была завешаная гафтаванай у васiлькi кужэльнай фiранкай. Вопратка вiсела побач на сьцяне й у вялiкай драўлянай шафе ў куце. Два вялiкiя вокны, застаўленыя вазонамi на падваконьнях, выходзiлi на вулiцу: адно, за сталом — на двор, а другое, крыху меншае, было ў спальнi. Будуючы хату, Пракоп наўмысьля парабiў вялiкя вокны. Калiсьцi ў месьце пазнаў простую праўду, што сьвятло патрэбнае чалавеку ня толькi надворы, а й у хаце. Хата была падмеценая й чыста прыбраная. Алена падбала пра гэта.

— Ну што кабыла? — спытаў Пракоп сына.

— Ды што?

— Паiў?

— Напаiў i даў травы, што ўчора выкасiў.

Пракоп, памаўчаўшы, пасьля сказаў:

— Я з маткай пайду ў казну малiны зьбiраць, а ты наглядай тут за пчаламi; дзень пекны, каб не раiлiся. Пасьля палудня, як сонца пачнець спускацца на захад, павядзi карову напасьцiць.

— Куды?

— Вядзi туды да бальшака. Там травы яшчэ многа.

— А што з пчаламi, калi-б рой?

— Ня думаю, каб яны… Учора вечарам слухаў, ды вясельля нi было. Калi-б што якое, дык знаiш, што рабiць — махнеш венiкам, каб аселi, ды гукнеш каторага доктаравых, каб памог сабраць. Парупся, каб усё чысьцiнька напагатовя стаяла.

Пракоп меў тры вульлi пчолаў i, мусiць, столькi-ж вульлёў стаяла пустых. Паставiўшы стаяк на высокай лiпе за пуняй, пазалетась злавiў рой. Летась у той-жа самы стаяк злавiў другi, дый адна свая сям'я роiлася сёлета, дык ужо тры меў. Любiў Пракоп пчолаў. Шмат чытаў пра iх, практычна пазнаў норавы й жыцьцё. Тое вясельле, аб якiм прыгадваў Мiколу, заўсёды адбывалася ўвечар перад роем. Тады матка цягнула цяненькiм галаском. Было й многа iншых галасоў розных адценьняў, якiх Пракоп жартаўлiва дзялiў на сватоў i дружак. Учора пасьля зьмярканьня ён такога вясельля не падслухаў, дык i супакойны быў, што рою сёньня ня будзе.

Калi Алена перацэдзiла малако, спарадкавала судзьдзё, пабралi плеценыя Пракопам пузатыя кошыкi й накiравалiся на загуменьне. Адтуль мяжой мiж доктаравым i Шпунтовым хутарам мецiлi на Гараватку. Iшлi паволi, разглядалiся.

Няголены, нястрыжаны, у сiняй кужэльнай сьвiтцы й зрэбных портках, босы Пракоп крочыў наперадзе. Быў ён высокi, моцнага складу мужчына. Ростам ледзь не раўнялася зь iм Алена. Першыя маршчыны барознамi пайшлi араць ейны яшчэ прыгожы, падоўжаны, зь вялiкаватым носам, твар. Накрытыя завязанай пад бараду паркалёвай хусьцiнкай, дзьве даўгiя касы блёнд валосаў ляглi кругам на галаве. Андарак з даматканага, добра ўжо працёртага паўсуконьнiку, хаваўся пад выпускной сiняй кужэльнай кофтай. Iшла жанчына паволi, за Пракопам цi побач яго, як-бы ўсё мяркуючы, каб крыва не ступiць, цi дарэмна не панатужыцца. За месяцы тры, як прыблiзна вылiчыла, папоўнiцца мае iхная сям'я яшчэ адным чалавекам.

Узьбiраючыся на горб Гараваткi, Пракоп збавiў кроку, каб пасабiць Алене. Прыйшлi да вялiкага крыжа — таго самага, што стаяў над падоўжанай магiлкай вояў зь вялiкае вайны. Як-бы змовiўшыся, затрымалiся, перахрысьцiлiся, ды бяз слова пачалi разглядаць Лiтоўцы й ваколiцу.

Даўно ўжо сьцiх раньнi вясковы гоман. Цяпер вёска драмала. Хто пайшоў у сьвятынi, хто да суседзяў, а хто на поле цi ў лес. Нават жаўранкi рэдка дзе зьвiнелi.

— Калi от так падзяржыць яшчэ бяз дожджу, ды сёлета ў нас скупей будзiць як калi. Насеньня зь нiвы не сабяром, — сказаў Пракоп, трымаючы на воку свой клiн зямлi, што вунь гэт за могiльнiкам падыходзiў аж пад самую чыгунку. Ён iз зайздрасьцю глядзеў на шырокi доктараў хутар, дзе жыта, як iншым разам казаў, «трубой вярнула, аж услалася». Вядома, доктар меў чым угнаiць. Тое-ж самае й у другога вясковага багатыра, «амэрыканца» Сявенькi, хутар якога быў побач бальшака — туды пад Галавачы з гэтага боку чыгункi. Зямля была там цi найлепшая ў вёсцы. Сявенька не дарма выдаткоўваўся на каморнiка. Аплацiлася.

— Каму, казаў той, дык i Бог i чорт сулiць. Людзям нiшчасьця, а яму масьлiнiца, — скончыў Пракоп пра лекара. Алена стаяла моўчкi.

Зянкевiч, якога называлi доктарам, меў цi ня больш шчасьця як розуму. Падчас вайны скончыў фэльчарскi курс, працаваў нейкi час пры шпiталi, быў на фроньце. Пасьлей распазнаў лекавыя вартасьцi зёлак, якiмi асаблiва ўмела карыстаўся мiж мясцовых сялянаў. Быў ён насамперш добрым знаўцам людзей. Ведаў, якое слова i ў якi момант да каго ўжыць. Бывала, прыедзе якая цётка зь цяжкой хваробай. Ён так трапна й умела распытае што трэба, зручна гутарку павядзе, пацешыць, параiць, што гэта больш паможа, чым якiя модныя лекi. З усiмi быў на «ты», просты й адкрыты, зь нiкога лiшняга ня браў. Калi хто ня меў чым за паслугу адгадзiцца, дык i так было добра. Затое людзей прыходзiла й прыяжджала да яго маса. Усю лекарскую аптэку трымаў у шафе. Недарма Пракоп цi iншыя зайздросьцiлi Зянкевiчу. У хаце быў дастатак, на полi лепш, чым у iншых, радзiла, дый здавалася людзям, што не працаваў так цяжка, як яны.

Калi спусьцiлiся на другi бок Гараваткi й ужо падыходзiлi пад зарасьнiк, што ляжэў ля канавы, сказала Алена:

— Нешта-ж нi вiдаць Лазоўскага кароў. Як-жа там Янучок?

Пракоп разгледзеўся навокал i сказаў:

— Вуньдзiка вiдаць пры лесе ў кустох. Пазашывалiся, пэўне, ў цень.

Падыйшлi да кароваў, што ацярэблiвалiся ля кустоў, лянiва перакiдвалi жованку, хвастамi малоцячы дакучлiвых мухаў i аваднёў. Бахмач гукнуў Янука. Нiхто не адгукнуўся, i Пракоп гукнуў яшчэ раз. Найперш пачулася браханьне Тапсiка, што выбег зь лесу й кулем кiнуўся да Бахмачоў. Ззаду бег Янук. Сабака кiдаўся то да Пракопа, то да Алены, намагаючыся з радасьцi лiзнуць аж у твар.

20
{"b":"103052","o":1}