ЛитМир - Электронная Библиотека

Лазоўскi сулiў на гэты год восем пудоў жыта й новыя боты. Тут-то й была найлепшая разьвязка. Была яшчэ адна нявыгада: як быць з тымi пачаткамi й канчаткамi? Гэта-ж вясною ды ўвосень, каб пасьвiць статак, трэба школьны год абразаць. Можа, як-небудзь дасца надрабiць, — мяркаваў Янук. Зь ягонымi добрымi ацэнкамi гэта-ж быць ня можа, каб яму не паспагадалi.

Выбраўся аднойчы хлапец у гацкую школу, каб самаму разпытаць-разьведаць. Напрыканцы школьнага году тое было. Ад вясковае настаўнiцы нёс лiст да дырэктара. Добра прыгадвае цяпер Янук, зь якiм вялiкiм хваляваньнем пастукаў у дзьверы дырэктаравага бюра мураванае двухпавярховае школы, якiмi млявымi й непаслухмянымi былi ягоныя ногi, як разгубiўся, убачыўшы за сталом буйную чупрыну й рудыя вусiкi, што належалi дырэктару Марыноўскаму. Вядома-ж, Янук не ў сьляпую прыйшоў. Пра тога «дзiрэктара», — якi ён i што ён, — яшчэ раней каго мог распытаў. Адзiн спытаны Лёнька, што некалi цэлы год у местачковую школу хадзiў, трымаючы задзiрлiва-важнецкую мiну, скупымi словамi даў малому Бахмачу зразумець, што ў гацкую школу ня так латва трапiць (самога за нявуцтва прагналi), што «дзiрэктар» — чалавек нiякаваты, нават i зусiм благi; наагул даклаў шмат выдуманага, што ў Янука ледзь першы палымяны энтузiязм да навукi не замарыла. Адылi перадумаўшы, папытаўшыся яшчэ зычлiвую вясковую настаўнiцу, атрымаўшы ейны лiст да «дзiрэктара», якi, паводля ейных словаў, напэўна-ж паможа, Янук канчаткова адважыўся й наважыўся.

Даўшы «дзень добры», хлапец лыпаў вачыма, нясьмела паглядаючы на гладкага, як кормны парсюк, рудаватага пана, што выгадна сядзеў за сталом i з даўгое пiпкi цадзiў радзенькi водарны дымок з-пад роўна падстрыжаных вусiкаў.

— Цi не язык мне тады авечкi адкусiлi?! — сьмяяўся пасьля пастух, прыгадваючы той момант, — нi знаў што сказаць, як заняло…

Пан Марыноўскi ўважна агледзеў апранутага ў саматканае, з палатанымi старымi ботамi, падлетка й сказаў — нi то строга, нi то лагодна:

— Ну, што скажаш?

Янук iз натугай паклiкаў на помач непаслухмяны язык:

— Пане дырэктар, я хачу ў пятую клясу…

I тут зацяўся.

— Што, што? Ня чую.

Янук загаманiў галасьней i аддаў Марыноўскаму настаўнiчын лiст. Калi дырэктар чытаў, хлапец пасьмялеў. Павярнуў галаву направа, пасьля налева й абглядаў канцылярыю. Па куткох стаялi шафы, школьныя дапаможнiкi, на сьценах вiселi нейкiя табэлi, а на франтавой сьцяне над вакном — крыж iзь фiгурай Збавiцеля; пад нiзом — белы арол, а пад iм — сам маршалак Рыдз. Паколькi ўсё гэта для Янука было няновае, ён iзноў утаропiўся ў твар iз рудымi вусiкамi.

— Гм, — сказаў гладкi дырэктар, устаўшы з-за столу й пазiраючы ў вакно з такой мiнай i помпай, быццам разважаў над плянамi бою зь небясьпечным супрацiўнiкам, што вось-вось мае адбыцца. — Добра, вельмi добра.

Янук намагаўся разгадаць, што было «вельмi добра», — цi тое, што ён сюды зьявiўся, цi гэнае, што напiсала ў лiсьце настаўнiца. Пасьля ўсё пайшло гладка. Дырэктар накiраваў яго ў вагульную настаўнiцкую, дзе запiсалi ў пятую клясу.

Сяньня з усьмешкаю на твары прыгадваў хлапец той момант, хочучы, мусiць, у думках падкрэсьлiць, што цяпер ён не абы-што, што ўжо гэную пятую клясу за сабою меў.

Латва з навукай даў рады ды пасьля й у перадавiкi выскачыў, хоць боты за зiму цалкам дабiў. Гэта-ж ня жарты — па чатыры кiлямэтры туды й назад дзень-у-дзень у пагоду й непагадзь. За зiму падрос, пасьмялеў, спаважнеў. Як-нi-як, яму ўжо ня ўсе вясковыя аднагодкi раўнёй былi, насамперш тыя, што па чатыры клясы пачатковае скончылi ды ля дому бiбiкi зьбiвалi.

Скончыў Янук пятую клясу з добрымi ацэнкамi, дый iзноў у праблему ботаў упёрся. Яшчэ каб адно ботаў! Восем пудоў жыта гэта таксама «нi хаханькi» ў сям'i, дзе вечна даводзiлая куртатыя канцы з канцамi зьвязваць. Цi раз так кароткiмi яны былi, што нават той самы Аляксандра, якi так умела патрапiў Гардыёнаў вузёл разьвязаць, усю мудрасьць сваю на помач паклiкаўшы, рады iм ня даў-бы.

Дык не пра самыя боты ўжо йшло. Бацьку вунь якiх пераконлiвых словаў шукаць давялося, каб iзноў хлопца на лета да Лазоўскага паслаць. Януку-ж гэная местачковая навука цi не якiя йнакшыя норавы ў галаве нарадзiла. Сарамнавата-ж перад вясковымi хлапцамi, у такую навуку дарогу знайшоўшы, iзноў на лета да Лазоўскага «каровам загаркi закручваць» вяртацца. Раз Янук так зрэзаўся з бацькам, што той ажно ў каршэнь таўхялёў мусiў надаваць, каб адумаўся сын.

Усё гэта прыгадваючы, рыхтаваўся цяпер Янук кароваў дадому гнаць. Жаль з прычыны таго сьвiнства, што зрабiў пан Лазоўскi, душыў грудзi. Як на тое лiха, спасьцярог хлапец дзьве фiгуры хлапчукоў, што выйшлi зь лесу й, перасёкшы гасьцiнец, кiравалiся проста на яго. Быў гэта ня хто iншы, як доктаравы Ўладзiк са Стасем. Нацянькi празь лес з Гацяў беглi — наўмысьля, мусiць, каб перад iм пахвалiцца, як гулялi на фэсьце.

Хлопцы былi тупымi ў навуцы. Стась у вясковай чацьвёртай клясе ўжо другi год сядзеў. Як нi намагаўся бацька, ня мог няздольнага сына разам iзь Януком у гацкую школу паслаць.

I навошта-ж iх сюды якое лiха гонiць? Што цяпер скажа iм Янук, як гэта ў вочы зiрне, калi кпiць, падтруньваць зь яго пачнуць? Набягалi сьлёзы. Стрымаўшы iх у пару, завэдзганым сiнiм кужэльным рукавом выцер нос i сачыў хлапцоў, што ўжо былi зусiм блiзка.

— Ну, што ты дома робiш, Янук? — яшчэ здалёк нахаду адазваўся Стась. Затрымалiся. У Стася, як заўсёды, пад носам вiсела маленькая бурбалка. Невядома, цi мыў ён сяньня абсыпаны рабацiньнем твар. Шэрыя й няхiтрыя вочы глядзелi Януку проста ў твар. Апрануты быў у новыя крамныя чорныя нагавiцы й новую кашулю-матроску. Пасьпеў абнавiць ужо й брызэнтавыя чаравiкi. Янук прысягнуў-бы, што пад сiнiмi шкарпэткамi на нагах «пiялi пiтухi». Цэлае-ж лета, як i ўся вясковая дзятва, бегаў басанож, а каравыя ногi рэдка сябравалi з мылам цi вадою. Уладзiк быў апрануты ў зялёныя галiфэ-порткi, боты зь блiскучымi хромавымi халяўкамi, шэры пiнжак i белую кашулю iз гальштукам.

Стась быў Януковым аднагодкам, а Ўладзiк на два гады старэйшым. Жылi пасуседзку. Кароваў у чужых ня мелi патрэбы пасьвiць. Бацька — мясцовы фэльчар-самавук (казалi, што ў войску таго рамёства наламаўся) меў ладны кавалак сваёй зямлi, ды й ад людзей, што нiколi ў хаце ня зводзiлiся, добра падзарабляў. На полi хапала наймiтаў, у хаце быў дастатак. Дзецi лекаравы ня ведалi, як шмуляе-колiць цела кастраватая зрэбная бялiзна. Крамнага ўволю было. Каму-ж, калi ня iм, па фэстах валачыцца, ды зь бяднейшых пакеплiваць? Любiлi бацькавы грошы ў ход пускаць.

— Нi глядзi ты на доктаравых, — цi раз раiў Януку бацька, — яны нi твайго носа-палоса. У iх вуньдзiка высахнiць цi вымакнiць, дык i бяды вялiкай: людзi дабра панавозяць.

— Што табе! Можа, я хачу дома быць! — задзёрыста адказаў Стасю Янук, сiлком змагаючы крыўду, што напiрала ў грудзёх.

— Каб ты гэдак жыў, як праўду кажаш! — не ўступаў Стась.

Асаблiва ня мог цярпець Янук Стасевай брыдкай грымасы, што паказвала кпiны.

Уладзiк трымаўся збоку. Ён, як казалi, ужо пад дзяцюкi падбiраўся. Доказам такога падбiраньня былi хаця-б тыя самыя зiхатлiвыя хромавыя боцiкi, што нядаўна справiў бацька. Уладзiк прабаваў танцаваць, пiць гарэлку, а часам нават ласаваўся, хаця ўпотайку ад някурачага бацькi, крамнымi папяросамi. Цi раз бачылi iншыя, як каторую старэйшую дзеўку ўжо за грудзi сьмела ўшчыпнуў мусiць, гэтым даводзячы сваю сьпеласьць. Ростам вялiкi быў не па сваiх гадох. Тое, што некалi ў школе ў кожнай клясе па два гады сядзеў i што бацька часта, як казалi, салам «падмазваў», каб сын як-небудзь элемэнтарнай пiсьменнасьцi навучыўся, — зусiм не перашкаджала Ўладзiкаваму росту ў дзяцюкi. Ганарыстым стаў i задзёрыстым. На гэтых двох сынох i сухой, як нядошлы бабовы струк, жонцы Марылi, канчалася лекарава сям'я.

— Як фэст быў? — буркнуў Янук.

— Каб ты толькi вiдзiў! Ядры т-тваю палку, народу дык народу! — забубнiў у нос Стась, рад пахвалiцца. — Такога кiрмашу я ў сваiм жыцьцi ня вiдзiў!

— Дзiва вялiкае, такоя-ж жыцьцё во, сто гадоў пражыў! — кпiў пастух.

3
{"b":"103052","o":1}