ЛитМир - Электронная Библиотека

— Нi стыдайся, сынок, сьлёзаў, нi адварачвайся ад мяне, — сказаў дзед Якуб. — Плачу нiма чаго стыдацца. Гэта празь цябе ўсё наша гора плачыць. Як трэба, дык i паплакаць трэба. Толька от цэлы час каб нi плакаць, бо гэта нi памагаiць…

— Гэта ты, дзядуля, вялiкую праўду кажаш…

— А як-жа, сынку. Або вазьмi гэтага папа Абухава. Ну, гэта-ж ня поп, каб яго макарэц, а сатана. Каб табе мало было, а то свайго нi знаiць дзе дзяваць, а такую цэну закацiў — два пуды жыта. Тутака мала сказаць, што ён зрабiў не пахрысьцiянску, а на гэткага чалавека дык проста ну пятлi шкада. Але што яму нашы людзi. Ён-жа таксама маскаль, каб яго макарэц спалiў! Каб гэта свой, ды свайму спагадаў-бы, а гэты, дык паном i гэтым меншым гнiдам на руку йдзець. Смокчуць наш пот i кроў, сынок, ой як смокчуць!

Старэчымi сiняватымi пальцамi левай рукi дзед згроб жменю зямлi й паказаў яе Януку.

— Вiдзiш, сынок? Гэта-ж наша родная зямелька. Здаецца, от, каб яе пацiснуў добра, дык зь яе наша кроў i пот пацяклi-бы. Яна-ж наша кармiцелька. I калi ўзяць якоя хочаш права, асаднiкi, папы, ксяндзы, чыноўнiкi — дык гэта-ж усё чужыя п'яўкi. Яны з нас сокi п'юць i нам на ногi стануць нi даюць…

Янук глядзеў на выцягнутую дзедаву iз жменяй зямлi, i цяпер яму ўсё стала ясна. Паклiкаўшы на помач багатую жыцьцёвую навуку, дзед вельмi драматычна й умела вытлумачыў малому Бахмачу асноўную жыцьцёвую загадку, узьвёў яго на зусiм новую мяжу. Адно ў маладой юнаковай галаве нарадзiлася цяпер шмат новых пытаньняў.

— Чаму вы, дзеду, мне гэта ўсё расказваеце? Чаму мне, а нi каму другому?

Дзед адказаў не адразу. Перш за ўсё ягоная левая рука высыпала жменю набранае зямлi, тады ўзялася памагаць правай, каб iзноў дымiла ў люльцы самасейка. Хмары на небе буйнелi, шырокай дзяругай абклалi ўвесь заходнi небакрай, яшчэ ямчэй кацiлiся грымоты, далёка за Лiпавiчамi й Гацямi зiхацелi маланкi.

— Ты, сынок, цяперака вялiкая гора маiш. А гэткую цяжкую й балючую праўду дык толька той можа асягнуць, хто сам цяжка церпiць, хто вялiкi боль нясець у сэрцы. Ты-ж, сынок, дай Божа, каб на разумнага чалавека вырас. Цi-ж я, дзетка, ня вiджу, як ты стараiсься вучыцца? Я-ж нi сьляпы, хоць, можа, каторыя й думаюць, што я прыдурак якi. Алi-ж я вiджу. Дык от i мне ты на вока папаўся. Ты падрасьцеш, навучысься; можа, калi ў людзi пойдзiш. Дык тоя, што я табе расказаў, паможыць табе разабрацца ў жыцьцi: што, як i чаму. А калi разьбярэсься, сваю добрую галаву на плячох будзiш мець, дык тады будзiш знаць, што рабiць. Бо помнi, сынок, што доўга так быць, як цяперака во ёсьць, ня будзiць. Сьвет мяняецца. Ужо сколька я гэтых пiраменаў вiдзiў. I прыдзiць яшчэ, можа, такоя, што сьвет i ня сьнiў нiколi. Будуць яшчэ вялiкiя пiрамены, ой вялiкiя. Тады можа й тоя, што я табе расказаў, прыпомнiш.

Дзед змоўк. У вачох Янука зрабiўся ён такiм самым таямнiчым, як i спачатку, калi пачынаў зь iм гаманiць. Колькi-ж ён даў-бы, каб мог зазiрнуць у дзедаву галаву й вымяркаваць, што ён думае, чаго яшчэ ня выказаў, а для сябе затрымаў.

— Ну дык, можа, сынку, пойдзiм тады, каб на нас бура тутака нi навалiлася. Дай мне, сынку, руку, устаць памажы.

Iшлi паволi. Дзед часта паглядаў уверх на захад ды ўголас дзякаваў Богу, што сабраўся прагную зямлю папаiць. Побач моўчкi йшоў Янук. Ён думкамi ўсё перабягаў, мерыў тыя загадкавыя шляхi-дарожкi, якiя адкрыў сяньня перад iм гэты закарчанелы стары. Больш не турбаваў дзеда роспытамi. Спадзяваўся, што да гэтага будзе яшчэ нагода.

У той час, калi вецер наважыўся скалатнуць i старую шапку волата Архiпа й пазакасiць чубы каторым лiтоўскiм стрэхам, ня ведаў дзед Якуб, на якую ўрадлiвую й плённую ў будучынi глебу кiнуў ён сваё зерне. I не здагадваўся, асьцярожна ступаючы побач дзеда, юнак, якi вялiзны скарб атрымаў ён у спадчыну ад гэтага старога гаротнiка.

III

Бог ведае, калi ўцёрся ў Лiтоўцах такi звычай, што бытаваў шырака на нашай Бацькаўшчыне. Прыйдзе, бывала, Васiль да Сьцяпана ў якi будзённы дзень за патрэбай: пазычыць чаго цi што выпрасiць. Прывiтаюцца, гутарку аб гаспадарскiх справах завядуць. Калi Васiлю й Сьцяпану нiякая праца ня рупiць, дык i гутарка тады бывае павольная, разважная, iз раскошнымi перапынкамi, каб-жа гамонячы, думкi да посьпеху не спанукаць. Калi-ж час бывае гарачы — жнiво, касавiца, цi яшчэ што — дык гаспадар адразу здагадаецца, што вiзытар недарма ходзiць. Ды ўсяроўна, анi Васiль адразу ня выкажа свае патрэбы, анi Сьцяпан ня будзе прынагляць яго да гэтага. Ужо няхай там зерне з каласоў сыплецца цi мурог перасыхае, а пагаварыць-жа трэба, чалавека гнаць ня будзеш. Адно, у гэнай гамонцы Сьцяпан намагаецца адгадаць, цi ў Васiля патрэба малая, цi вялiкая. Прыкметай можа быць Васiлёў саладжавы голас, лiсьлiвая ўсьмешка й шмат iншага.

Калi Сьцяпан мяркуе, што даволi ўжо часу зглумiлi й трэба канчаць, тады, зручны падабраўшы момант, скажа Васiлю гэтак:

— Сам-жа, пэўня, нi так сабе ходзiш?

Васiль з паўслова зразумее, што гэта сыгнал, каб выявiў мэту свае вiзыты. Зноў-ткi ня скажа адразу, што «хачу тоя й гэна», а кружной дарогай пачне, перш выявiўшы дэталёва прычыны, чаму «тоя й гэна» хоча, дый прыабяцае, калi аддасьць цi iншым чынам адплацiць. Адно ў выпадку надта наглае патрэбы гэткiя нормы захаваньня й гаворкi не трымалi.

Людзi лiтоўскiя ведалi аж занадта добра, што «нi ў вадзiн дзень Бог сьвет сатварыў» i што «нiкога зь языком нi падгонiш». Тое, што чалавек патрабуе час, каб выказацца, памяркаваць, якiмi весткамi падзялiцца, было да такое ступенi нармалёвым, як дзённае сьвятло цi ночная цемень.

Выняткам у Лiтоўцах, што часта не трымаўся прынятых нормаў быў сам «дзiравы шляхцiц, пан солтыс» Паўлоўскi. Ужо калi, бывала, iдзе Паўлоўскi па вясковай гразкай цi сухой вулiцы, дык адразу вiдаць, што гэта, скажам, ня нейкi стары карцёжнiк Сымон Пятух, а сам нозьбiт улады «паньства польскага».

Пан Паўлоўскi — гэта аўтарытэт, якi любому чалавеку бачна ў высока паднятай i накрытай фанабэрыста-зухаватым капялюшам цёмнарусай галаве, борздым кроку, у кароткiм, адрывiстым i аўтарытэтным голасе пры вiтаньнi сустрэчных, а найбольш, дык у добра-ткi абшмулянай скуранай торбе пад пахай. Ня тое, каб Паўлоўскi наўмысна фарсiў сваiм аўтарытэтам там, дзе непатрэбна. Калi ўжо пра франтаўство гаворыцца, дык тут пан солтыс, рачэй, меў-бы наўвеце сваё дзiрава-шляхоцкае паходжаньне.

— Што гэта такоя важная ён носiць у гэнай сумцы? Пару сьвiсткоў калi людзям раздаць, дык сумка яму яшчэ трэба, — сьмяялiся лiтоўскiя.

Калi дзе нават людзi на полi цi ў гародзе працай занятыя, а пан солтыс iм «памажы Божа» скажа, дык тыя, каму гавора, па ягоным голасе й манеры адчуюць, што гэта ён больш з ласкi, чым з дабрасуседзкага зычлiвага абавязку робiць. Такi ўжо зь дзiравага шляхцiца быў начэльнiк, што ён гэты свой уладна-аўтарытэтны голас лiчыў неабходным заўсёды перад вясковымi дэманстраваць, каб ведалi, што ён «ня хрэн сабачы» й ня кожнаму панiбрат.

Гэтак вось завiтаў пан солтыс у Пракопаў двор у сераду вечарам, два днi пасьля паховiнаў Алены. Пракоп пры карыце паiў Чарнулю, ды мерыў вокам даёнку, што вiсела на паркане.

Кiнуў Паўлоўскi кароткi «добры вечар» i аб нечым, для прылiку, забубнеў пад носам. Пракоп не адказаў на прывiтаньне й глядзеў на солтыса недарэчнымi вачамi. Думкi ягоныя былi ў iншым баку. Было аб чым думаць. Гаспадарка цяпер уся на ягоных плячох. Прабаваў Мiколу да печы прывучыць, каб хоць якую капусту цi крупы зварыў, сьвiньню й парася дагледзiў. Слабая зь яго помач, дый здароўе ня тое, каб матку заступiць. Памагала Кацярынiна Надзя — то яна ў печы выпалiць, то карову падоiць, то што iншае. Але-ж помач гэта была прынагодная. Так i неразьвязаным было пытаньне: як жыць-быць, што рабiць?

Цяпер перад Пракопам стаяў чалавек. Нешта нутранае адпiхала яго ад гэтага «дзiравага шляхцiца». У памяцi добра засвоiлася нялюбая постаць iз зухаватым капялюшом, фанабэрыста паднятай галавой. Гэта той, што памагаў тым асноўным прагавiтым прыгнятальнiкам скубсьцi такiх, як ён, Пракоп; гэта шчупальца таго вялiкага паразiта, што ўпiўся ў тваё цела й душу — смокча, ратунку няма. Апэтыт паразiта расьце, а вось гэты малы смактунок — адно калi-б паразiт загадаў яму — пачне ўпiвацца ў новы кавалак акрываўленае мякацi, каб самому на тых соках узбуйнець дый уверх, у галоўны арганiзм гаспадара-паразiта, пажыву перадаць.

36
{"b":"103052","o":1}