ЛитМир - Электронная Библиотека

З другога боку вёскi прычыкiльгаў да натоўпу дзед Якуб. Абступiўшы, людзi вiталiся зь iм, радыя нагодзе, каб перакiнуцца словам. Стары, вядома, як скажа, дык ёсьць што паслухаць. А дзед пыхкаў сваю крывую люльку ды скупiўся на словы.

— Ну што гэта дзед, вы ваiваць нi сабiраiцiся? — пыталi яго.

— Ды вы, дзеткi, ужо бiзь мяне неяк абойдзiцiся. Я адкаратаў сваё, пагладзiў дзед бародку, гледзячы на ўсiх i на нiкога ў васаблiвасьцi.

— Дзед тут будзiць за нашымi гаспадаркамi глядзець, дзевак замуж выдаваць, каб племя наша нi зьвялося. Пiтуха во ажанiць трэба…

Некаторыя засьмяялiся, але няшчыра, стрымана.

— Нiма за што, — казаў дзед, быццам не спасьцярогшы надзьмутай штучнай весялосьцi. — Нiма за што ваiваць. Нi наша гэта дзела за паноў грудзi выстаўляць. Калi на iх прыдзiць якое бiзгалоўя, дык так iм i трэба. Яны за нас, нябось, нi пастаяць.

Дзед плюнуў сабе пад ногi й пацягнуў з крывой люлькi. Абступiўшыя яго спасьцераглi, што лiтоўскi патрыярх ня меў намеру жартаваць i, пэўна-ж, яшчэ нешта важнае скажа. А дзед зiрнуў пад клець, дзе ўжо ўсталi з лаўкi й аглядалi людзей солтыс iз рослым ураднiкам.

— Вы-ж глядзiце, дзiцюкi, — казаў Якуб, — калi там якiя нiпiралiўкi, дык пад дом цiсьнiцiся, от што…

— Маўчы ты, дзед Якуб, ато якоя благоя вуха пачуiць! — перасьцерагла Кмiтава Аўдоля, што й гэтым разам парупiлася, каб у цэнтры падзеяў быць.

— Чаго гэта маўчы? — агрызнуўся дзед. — Ды што гэтыя паўшабэлкi мне старому калеку зробюць? Пляваў я на iх. А свайму во катораму трэба сказаць, каб на ражон дарма за чужоя ня лез…

У гэты час ураднiк падаў голас, каб усе паклiканыя падыйшлi да яго блiжэй, ды паводля лiсту пачаў перавяраць, цi ўсе сабралiся. Хутка выявiлася, што не было Косьцiка Сабакевiча й Шпунтовага Лявона. Першага, вядома, сам ураднiк не спадзяваўся, але-ж прыгадаць трэба было. Дапытваўся, дзе дзеўся Лявон, ды нiхто ня змог яму адказаць.

— Пойдзем, няма часу чакаць, — сказаў ён станоўка. — Пра яго ўжо парупяцца адпаведныя дзейнiкi…

Апошнiя словы гучэлi пагрозай.

На лiсьце было звыш за трыццаць прозьвiшчаў. Паклiканым ураднiк загадаў зыбрацца ў групу й iсьцi наперадзе, а ззаду мелi ехаць хурманкi з багажом ды маглi йсьцi тыя з раднi, хто хацеў праводзiць мабiлiзаваных аж у Гацi. Рушылi паволi. Солтыс iз ураднiкам вялi калёну на бальшак, а пасьля павярнулi на прасёлкавую дарогу, што побач могiльнiку вяла на гацкi гасьцiнец. Расьпiсаныя гумовымi ўзорамi каляiны ўраднiкавага ровару зараз-жа ззаду затоптвалiся босымi цi абутымi ў лапцi нагамi лiтоўскага народу. Калёна расьцягнулася; тыя з раднi, што йшлi ззаду, пачалi далучацца да праводжаных iмi родных, iзноў пачалася часта спыняная гаворка. Людзi, здаецца, усе тэмы вычарпалi. Што гаварыць у такi час? Мiнулае прыгадваць цi трывогу перад небясьпечнай будучыняй выказваць? Як доўга будзе гэтая разлука? Калi зноў над Лiтоўцамi й цэлай пагвалчанай краiнай засьвецiць сонца? На палёх чакала гаспадарлiвых рук нязжатая ярына. Заўтра, калi Бог пагоду дасьць, iзноў у хвастох нiваў стануць iзь сярпамi прарэджаныя сем'i. У працы гадаць будуць, што з сынамi, мужамi, цi любымi… Дзе яны, у каторы бок гонiць iх чужы вецер?

У самым хвасьце калёны маўклiва крочыў i Янук Бахмач iзь неразлучным Тапсiкам. Ён яшчэ не вымяркаваў, цi яму аж у Гацi йсьцi, цi дзесь на дарозе назад завярнуць. Паглядаў на дарожныя сьляды, якiя пачаў мачыць-зацiраць густы, як празь сiта, дожджык. Людзi настаўлялi каўняры, жанчыны й дзеўкi нацягвалi хусткi. А дожджык зьверху то сеяў, то спыняўся. Ня ведаў, мусiць, нябесны сейбiт, цi неба мае плакаць зь перапынкамi, цi без супыну…

Таронта, 1963-64 г.

КАНЕЦ ПЕРШАЕ КНIГI

Сьпiс некаторых чужых або рэдка ўжываных словаў

Дзярлiвы — (бел.) драпежны.

Велькапольска — (польск.) лiтаральна «Вялiкая Польшча».

Жэч Паспалiта — Рэч Паспалiтая. Просты беларускi пераклад лацiнскага «рэспублiка» (res publiсa — «рэч публiчная», «рэч паспалiтая») палякi перайначылi на свой капыл паводля свайго спецыфiчнага вымаўленьня (Rzeczpospolita), а ў далейшым называлi й называюць так Польшчу.

Крэсы (Крэсы Всходне) — «усходняе памяжоўе». Так звыклi называць палякi заходнебеларускiя землi, дзе польская прапаганда залiчвала беларусаў у «расеезаваныя палякi».

Мiтычны — мiфiчны (бел., паходнае ад грэцкага. Падчас савецкае «моўнае рэформы» замененае на «мiфiчны» паводля расеезаванага вымаўленьня).

Тарэбка — (польск.) торбачка (жаночая).

Элiмiнацыя — выключэньне (бел., паходнае ад лацiнскага).

Жондовы — (польск.) урадавы.

Офяра едэн — (польск.) ах ты недарэка.

Хаме едэн — (польск.) ах ты хам.

Жондова владза — (польск.) урадавая ўлада.

Двадзесьця пеньць — (польск.) дваццаць пяць (маецца на ўвазе дваццаць пяць удараў).

Троп — (бел.) сьлед, быць на тропе — злавiць сьлед, iсьцi па сьледу.

Ровар — (бел.) веласiпед.

Транзакцыя — (бел., паходнае ад лацiнскага) зьдзелка.

Ужэнднiк — (польск.) чыноўнiк.

Мiльчэць — (польск.) маўчаць.

Ажэлкi — (польск.) «арляняты» — кукарды на шапках польскiх палiцыянтаў ды жаўнераў.

Залатоўка — (бел., размоўнае) злотая — польская грашовая адзiнка.

Родак — (польск.) суайчыньнiк.

Гэтта — (бел.) гэтак, гэта значыць, гэтакiм чынам, значыцца…

Хварбаваць — (бел.) фарбаваць. Хурманка — (бел.) фурманка. Хутра — (бел.) футра. I г.д. Словы з шэрагу тых шматлiкiх, якiя праз савецкую «рэформу правапiсу» беларусам было загадана пiсаць i вымаўляць… па-польску: «фарбаваць, футра…»

Замэльдаваў — (польск.) даклаў, адрапартаваў.

Дэфэнзыва — польская таемная палiцыя, контрвыведка.

Iнвазii — утаргненьнi, напады (бел., паходнае ад лацiнскага, ужываецца пераважна йранiчна).

Чыньнiкаў жандовых — (польск.) дзяржаўных ворганаў.

Пшэклентэ — (польск.) клятыя.

Неўдзенчны — (польск.) няўдзячны (у дадзеным выпадку вымаўлена зь беларускiм акцэнтам)

Панствовы пастарунак — (польск.) палiцыйны ўчастак.

Панствовая зьнiжка — (польск.) дзяржаўная йльгота, права на навучаньнеся за дзяржаўны кошт.

Гвязды — (польск.) зоркi.

Владза — (польск.) улада.

50
{"b":"103052","o":1}