ЛитМир - Электронная Библиотека
A
A

Якая радасьць! Дзяўчына роўна, нiбы забаўляючыся, iзь ей аднэй свомай нейкай грацыяй крочыла побач. Песьцiў Януковы вушы мiлым шчэбетам лагодны Дунiн галасок. Пазiраў Янук на хвалiстыя, густыя, як сьветлы чэсаны лён, пабеленыя сонцам летнiм даўгiя Макатунiшчыны валосы, асмужаны загарам носiк i шчокi, пунсовыя й прыадчыненыя, калi маўчала, вусны, мерна дыхаючыя пад тонкiм шоўкам грудзi. Зусiм у меру, як-бы для закругленьня й завяршэньня сваiх цялесных прынаднасьцяў, Дуня папаўнела, сакавiтынм маладым нэктарам налiлася. Шчэбет пераказваў розныя дробныя прыгоды, што ў матчынай раднi летам дзяўчына мела.

Сустрэлiся зусiм прыпадкова каля царквы. Пасьля зацяжнога торгу зь Iцкам, ад якога давялося горы жыдоўскага гора наслухацца, Янук на схiл сьвятой лiтургii трапiў. У зусiм перапоўненую царкву нельга было ўцiснуцца. Пасьля багаслужбы вернiкi паплылi шырокай ракой праз галоўныя дзьверы. Дробiлiся, на групы й сем'i дзялiлiся. Пад гоман узмужнеўшых ля тоўстых, аблупленых з тыну й вапны царкоўных сьценаў, жабракоў людзi раскладалiся зь емiнай на траве, пад дрэвамi, каб голад замарыць, пагаманiць, навiнамi замянiцца, адзiн аднаго пра здароўе распытацца ды ўжо пазьней нясьпешна па хатах расплывацца.

Янук прыхiлiўся плячмi да мураванай сьцяны, жваў сухi й чэрствы, як жвiр, хлеб ды ашчадна, баючыся, што вось-вось скончыцца абкусваў маленькi кавалачак сала. Ад недалёкага, зялёнага з выгляду возера, нясло гнiльлю водарасляў i рыбнай луской. Цiхая гамана поўнiла вялiзны царкоўны двор. Вочы юнаковы вандравалi па каляровых хусьцiнках, розных кепках i магерках, а цi не мiльгане дзе знаёмы твар. З адлеглых за сьвет Лiтоўцаў рэдка калi тут людзi бывалi.

— А госпадзе мой, людцы добрыя, каго-ж я гэттака бачу!

Мiленькi галасок, даўно нячуты званочак. Колькi разоў пра яе думаў, кажны рух цела, зiрк вачэй, адцень голасу адтварыць намагаўся! Дзяўчына падыйшла так, што Бахмач спасьцярог яе толькi цяпер, калi твар ягоны гарачым дыханьнем аблiла. Правая рука паднялася, каб прыгарнуць яе, але ў пару апусьцiлася…

— Дуня, як гэта! — прагаманiў зь нечаканасьцi амаль перапалоханы. Кончылася, цi, дакладней сказаць, пачалося няўклюдным жэстам рукi, поцiскам непаслухмянымi пальцамi дзяўчынiнага локця… Проста, здавалася, наскрозь празь цябе пазiралi незабытныя вочы-васiлькi. У iх гаспадарыла добра ведамая гарэзьлiвасьць. I выклiк. I абяцаньне. Шчодрая вымоўнасьць i недаказанасьць. I яшчэ нешта. Шмат большае. Штосьцi такое, што ўзбуджае пульс крывi й спанукае дыханьне, спараджае паскарэньне тэмпа ў скронях i аслабляе сiлу ў ваколiцы каленяў. Вочы-васiлькi пазiралi даступна-проста й прынадна. Здавалася, бачыш яе поўную, сокамi маладога хараства набрынялую грушу дасьпелую, бярозку стройную, а яна ўсё-ж астаецца нейкая ня зусiм даканца разгаданая, крыху таямнiчая. Чым больш прыблiжаешся тым больш загадак, выклiкаў…

У роце засеў камяк несажванае жарствы хлебнае, кавалачак сала. Твар, здаецца, ад сораму гарыць, аж па кончыкi вушэй чырванее. Нешта ня тое… Не пазьбягаў-жа раней зрокам сваiм васiлькоў прынадных. Няўжо-ж ад доўгага нябачаньня перамена? Здавалася, што ля сьценаў гамана й мольбы жабракоў узмоцнiлiся. Заварушылiся паволi спынiўшыя перажоўваньне хлеба санкi й камяк хлебнай жарствы iз тэй сьцiплай скаромiнай шмыгнуў праз гарляк.

— Ты што жвеш i каго чакаеш? — спытала Дуня.

— Цябе чакаў. I як ты знала, што я тутака? — здабыўся на жарт Бахмач. Трапiў на добрую ноту.

— Мяне чакаў? Ах, якi-ж ты разумненькi, добранькi, залаценькi, мой мiленькi Янучок! А я-ж тут з раднёй… Дый вываражыла, што сягоньня пад цярквой ня толькi жабракоў, але й свайго мiлага знайду, — разрагаталася дзяўчына.

Гарэза ў поўным пералiве вясёлкавых колераў. Цяпер Дуня й павяла гэным ладам. I ўжо калi спаважнелi, калi падзялiлiся рознымi навiнамi, парадзеў шчэбет. Разьвiталася iз сваякамi й на вялiкую Янукову радасьць крочыла цяпер побач яго. Бо, як выясьнiла, ужо на днях мела ў Лiтоўцы пасьля доўгай адсутнасьцi вярнуцца.

Дарога вяла пад гару. Янук замянiўся ў назiральнiка. Даўно, ох як даўно ня бачыў Дунi. Адылi назiраньню яе замiнаў жыд Iцак дый ягоная Хайка цi як яе там… У вачох стаялi. А калi так, дык чаму Дунi пра iх не расказаць?

— Солi, кажаш, дастаў? Дзе гэта? — выбегла насустрач, быццам угадала Януковы думкi Макатунiшка.

— Знаеш старога Жыда Iцку, таго самага, да якога мой бацька заяжджаўся некалi ды на двары кабылу з возам ставiў? Ён гэттака во, як толькi ў горад уедзеш дык на правым баку. Некалi гуталiнай i нейкай там галянтэрыяй таргаваў…

— Мусiць знаю. Ну дык адкуль у яго соль?

— Дык яны-ж. Жыды, знаеш, пры бальшавiкох усiмi крамамi загадавалi то й сабе назапасiлi. Ну а ў каго-ж, калi ня ў iх дастанеш?

— I за што гэта ён табе солi, за пекныя вочы даў?

— Каб-жа… Бацька насыпаў торбу круп, кусок баранiны ўлажыў, от i даў, называецца. Баюся, што бацька крычаць будзiць, што замала солi дастаў. А Жыд як пачаў стагнаць, пра сваё гора расказваць дык усе пэйсы ў барадзе засьлiнiў… Немiц б'ець, Немiц на работу ганяiць, Немiц усё дабро адбiраiць, ге-э-э-э-э-валт! — ратуйце, людцы!

— Во як! А ты што думаеш?

Янук не сьпяшыў з адказам. Iшлi дарогай, што вужам намагалася ўспаўзьцi на пяшчаны, дзе-нiдзе сухой травой парыжэлы ўзгорак. Адтуль, быццам на пелене, ува ўсёй сваей сьцiплай велiчы, побач нябачнай здалёку бяды й галечы, разьляжа перад iмi невялiкi горад Глыбокае.

— Знаеш, Жыд Жыдам. Ён, як сьвет сьветам, крычаць будзiць, што рэжуць яго ўжо тады, калi нiхто яшчо й нажа на яго ня войстрыць. Дык цяжлка тут разабрацца. I я-б рукой махнуў, калi-б нешта мне ў таго Iцкi ў вочы ня кiнулася. Знаеш, нешта такое, што задумацца мусiў…

— Што такое?

— Жах, вялiзны страх. Чакай, як гэта табе пераказаць? Гэты жах увесь у вачох ягоных. Чалавек аж дрыжыць, як асiна калоцiцца. Цi ты вiдзiла калi як конь аўтамабiля спалохаецца? Ну, ага, пэўне-ж вiдзiла. А цi ты глядзела ў конскiя вочы?

— Ну…

— Тады ў каня ў вачох вялiкая, страшная панiка ёсьцека. Гэта нешта саўсiм дзiкае, яго цяжка вытлумачыць. Конь са скуры iрвецца, гатовы чалавека стаптаць, а ў вачох ашалелы саўсiм. От такую самую панiку вiдзiў я сягоньнiка ў Iцкавых вачох… А можа нi ў ягоных, як у ягонай Хайкi цi як яе там… Дзiкi, зьвярыны страх. Гэтак, вiдаць, баiцца чалавек, якому за скуру гарачай смалы залiюць. Скрыпеў стары Iцка, пярхiкаў, сьлiнiў, што Немiц iх на працу ганяiць i надта моцна страшна б'ець…

Дзяўчына маўчала. Яна нагнулася, сарвала ля дарогi белы рамонак, выцягвала пялёсткi. Янук мяркаваў, што Дуня перастала ягоным апавяданьнем цiкавiцца.

— I што казаў ён, што зь iмi будзiць?

— Чаму ён меў мне казаць? Жыды свае дарогi й сьцежкi маюць, яны больш знаюць, чым табе скажуць. Але тутака, мусiць, нiчога добрага сабе ня вываражылi. Кажуць, што ў Польшчы Немiц iх пазганяў i дзяржыць разам. Чорт яго ведаiць… Адным словам, стогнуць Жыды, ой як стогнуць. Шкада людзей! Нашто над iмi так зьдзеквацца?

— Ты Жыдоў шкадуеш?

— Ясна, што шкадую. Я процiў гвалту над чалавекам. Бог ня даў права, казаў адзiн аднаго любiць, памагаць, а ня душыць!

Воддаль ад дарогi прыгнулася крывая сасна. Падножжа яе абступiў ядловец, непадалёк шарэла крушня каменьня.

— Хадзi, вунь прысядзем, сьпяшыць няма куды, — прапанаваў Янук.

Селi на вялiкi камень i моўчкi пазiралi перад сабою. Абкружанае ўзгоркамi, места рассыпалася ў глыбокiм доле, ад чаго, вiдаць i назву сабе ўзяло. З правага боку, ад Усходу, лагодныя ўзгоркi, быццам хвалi, напiралi на гарадзкiя будынкi. А з фронту, тут-жа пад нагамi нашых юнакоў, бялелi ў засенi таполяў муры калiшняй гiмназii, у якой падчас польскае акупацыi месца дзеткам мясцовых «кацапаў» ня было. На правы бок, вышэй, на ўзгорку расьселася даўгая, аднапавярховая «чырвоная» школа. За гэтымi будынкамi зелянела невялiкае, мо гактараў дзесяць, аброслае трысьнiком, чаротам i аерам возера Глыбокае. З правага боку ў ваду яго ўглядалася ахутаная зеленьню сьвятыня, цяпер праваслаўная царква, а калiсь кляштар, касьцёл i цьвярдыня надта агрэсыўных ды мiж мясцовага народу нялюбых Кармэлiтаў «босых».

19
{"b":"103053","o":1}