ЛитМир - Электронная Библиотека
A
A

Выпрасiўшы ў солтыса фурманку, не паведамiўшы навет Капышынскага, Дуня спакавала ўсё сваё дабро ў адну валiзу i ў сьнежаньскi дзень пакiнула Бярозаўку ды загадала адвезьцi сябе ў школьную раённую ўправу ў Докшыцах. Iнспэктар Воран, сухi, высокi, чэрствы ў твары дзядзька, змораным зрокам зiрнуў на дзяўчыну з-за заваленага паперамi стала ў канцылярыi.

— Не, не кажыце мне, спадарычня Макатун, знаю, знаю, чакаў на вас.

Iнспэктар устаў з-за стала, пачаў хадзiць па халодным пакоi. Рассыпаныя пасiвелыя валосы, што даўно з ножнiцамi бачылiся, крыху прыгорбленыя плечы. Патрапаныя боты, паўсуконная сьвiтка й порткi. Няўклюдны крок. Здалося Дунi, што дзядзька Воран лепш выглядаў-бы й чуўся за бараной i зь лейцамi ў руках. А вярхоўны аўтарытэт раённае асьветы гаварыў цьвёрдым голасам:

— Пачаткi. Плянавалi, будавалi, камбiнавалi, каб паўстала, вырасла, ажыло, як Фэнiкс з папялiшча. Пры немагчымасьцях, пры ўсiм запярэчаньнi жыцьця. Там, дзе прадказана тымi, што ўладу й сiлу маюць, што жыцьця тут не мае быць, толькi гвалтоўнае, наглае i камплетнае разбурэньне. А мы, — ох, Божа мой! — наўсуперак гэтаму рупiлiся пра родную зямельку, пра дзетак i пачалi сеяць зерне. Вас, маладых, нявыпрабаваных, як належыцца непадкованых i ненавучаных кiнулi, можна сказаць, на пярэднюю лiнiю. Адвага! Не, няправiльна. — Гэта — не адвага, то роспач. Выхаду ня было. Можа там, дзе спакайней, дзе ня стопчуць, можа будзе ўражай якi… Калi не заглушыць гiрса, асот. сьвiрэпка, пустазельле… А тут? Прапала. Ужо вiдаць, што наблiжаецца. Госпадзе мой, каб хоць пару гадкоў гэтыя злыднi далi. Цi-ж i гэтага мы нявартыя?

Дунi ўмiг стала ясна: i анахранiзм — мяшок бульбы, i тое, што сама галадала, i многа, шмат чаго iншага, дый навет i тое, чаму народ ня мог вытлумачыць узросту «жабоцькi-вучыцелькi». Гледзячы на iнспэктара Ворана, сьцiснулася ёй сэрца. Хацелася-б прыгарнуць яго к сабе блiзка-блiзка й сказаць зь пяшчотай, быццам бацьку: «Тата, ня трэба. Сядзь, даражэнькi, успакойся. Трэба верыць i змагацца. Мы маем сiлы, мы маладыя, мы яшчэ вырасьцем i паможам, пераможам».

Камяк у горле замiнаў дыханьню.

Воран скончыў гаварыць, стаяў перад вокном, задам да Макатунiшкi й глядзеў у нейкi пункт. А можа нiчога ня бачыў, цi ўяўляў папялiшчы ўжо там, дзе сяньня яшчэ чуваць звонкiя дзiцячыя галасы… Вакно, у якое глядзеў Воран, ня мела фiранак i даўно, мусiць, ня ведала дбайлiвае рукi гаспадынi. Iнспэктар памалу сеў, выцер чыстай насаткай твар i проста зiрнуў на Дуню.

— Едзь, дзяўчына, дадому. У вас там Плясьневiчыха дзетак калечыць. Ты на яе месца. Згода?

Голас з прыцiскам фiнальнасьцi, ледзь не загад, калi-б не апошняе слова. Дуня добра ведала Плясьневiчыху й нядрэнна ўяўляла як яна магла вучыць дзетак. Але што сказаць iнспэктару? У чужой вёсцы людзi жабай ахрысьцiлi, а што ў сваей будзе?

— Спадар iнспэктар, як мне працаваць у сваей вёсцы? Людзi мяне змалку зналi… Як яны будуць паважаць мяне, такую маладую, якую ў Бярозаўцы жабай празвалi?

Воран падпёр твар рукой, уважна пазiраў на Дуню.

— Спрабуй. Вучыць патрапiш, добра раду дасi, дык i людзi да цябе з пашанай пачнуць адносiцца. А калi помач трэба, зьвяртайся да мяне, памагу. Цяпер-жа я не магу Плясьневiчыхi там пакiнуць.

I пасьля, прыгадаўшы гэны момант, дзiвiлася Дуня, чаму проста й спакойна адказала: — Добра, спрабую.

Можа таму, што гаварыла ейнае растрывожанае пачуцьце й хацелася памагчы гэтаму зморанаму дзядзьку.

29

Задняя вайна прыйшла ў ваколiцы Лiтоўцаў у жнiвенi трэцяга лета. Задняя таму, што пярэдняя адбывалася яшчэ далёка на ўсходзе, хоць ужо й наблiжалася. А ў вёску раней заглядалi бальшавiцкiя банды для рабунку й радзей падарозе на чыгунку. Вёска баялася, што апынулася ў чырвонай зоне й што чакае яе лёс iншых вёсак, ад якiх асталiся абгарэлыя комiны й лебяда на папялiшчах. Вёска тапталася яшчэ па вытаптаных сьцежках i ў ненармальным становiшчы намагалася ўтрымаць сваю нейкую нармальнасьць. Вёска, у якой певень, асаблiва той на золаку, быў яшчэ аўтарытэтам, трымалася як магла. Людзi бачылi, што навокал адбываецца вялiкае лiха, якога не маглi вытлумачыць ня толькi пахатухi, але й мясцовыя «культурныя людзi». I вёска спадзявалася, што яе мiне нейкая свая садома. I ўсё-ж, калi прыйдзе якое страшнае лiха, дык адкуль i ў якой хворме? Хто-ж мог ведаць… Нiхто навет ня раiўся зь дзедам Якубам, якi ў немачы больш ляжаў пад коўдрай, або грэўся на печы.

— Хто знаiць, якая бяда будзiць, каб яе макарэц! — крактаў дзед.

Новы акупант ня душыў такiмi падаткамi, як некалi бальшавiкi. Гэта ня прыносiла вялiкае пацехi. У сумежных лясох была адна ўлада, а ў Гацях другая. Лясная, або начная ўлада таксама брала падаткi, значыцца рабавала налётамi. Праўда, у параўнаньнi зь iншымi вёскамi, Лiтоўцам даводзiлася лягчэй, але гэта ня значыла, што iх нагала ня абчысьцяць заўтра цi пасьля.

З двух бакоў чыгункi, на якiх мэтраў сто цi болей, павысякалi лес. Гэтта добра папрацавалi прымусова сагнаныя вакольныя сяляне. Цяпер вочы ахоўнiкаў мелi далейшы засяг. Усё-ж банды падпаўзалi начамi да самае чыгункi, узьбiралiся на яе цiха, як зладзеi ды бязь нiякiх «ура за родзiну» прадаўжалi рэйкавую вайну. Кажнае ранiцы нямецкiя патрулi, як мага, дакладна правяралi зялезны шлях, цiкавалi за рэйкамi й шпаламi, асаблiва сьлядзiлi, цi не раскапаны дзе жвiр, абяззбройвалi мiны. У стратэгiчных мясцох Немцы пабудавалi добра абкладзеныя зямлёй i бярвеньнем бункеры. Сяляне, ведама, i блiзка да iх не падыходзiлi.

Ужо ад нейкага часу хадзiлi весткi пра розныя расейскiя адзьдзелы на службе Немцаў, асаблiва Расейскую Вызвольную Армiю (РОА) пад камандай генэрала Ўласава, утвораную з быўшых савецкiх ваеннапалонных. Як дайшло да Лiтоўцах, адзiн такi адзьдзел знаходзiўся ў мястэчку Лужкi, па той бок Глыбокага. Гаварылi яшчэ, што войска тое надта нiкчэмнае, бо рабуе мясцовае насельнiцтва й больш гуляе, чымся змагаецца з бальшавiцкiмi бандамi. Пацьвярджалася мясцовая прыказка: — Навошта араць i сеяць, калi грабiць Расея?

У вадрозьненьне ад РОА, якая быццам мела стаяць гарнiзонам у Лужках, апошнiм часам прыйшлi весткi, што з таго-ж боку на поўдзень пасоўвалася зусiм нейкая новая расейская фармацыя й называлi ейнага камандзера Гiль-Радыёнава. Куды ён цягнуў сваё войска й для якога заданьня, нiхто напэўна ня ведаў. Некаторыя мяркавалi, што ў сувязi з апаразамi Нямеччыны на ўсходнiм фронце, гэты камандзер зь нейкай там сваей брыгадай мог накiроўвацца на ўзьмежжа засягу бальшавiцкiх бандаў у Докшыцкiм раёне. Дзесьцi ў глыбi Бягомельшчыны, як чуваць было, бальшавiкi стварылi моцную базу. Зразумела, лiтоўскiя й вакольныя сяляне ня ведалi й дый не маглi ведаць хто й якiмi раёнамi на поўднi кантраляваў, але для iх ня было таямнiцай, што Докшыцы сталiся косткай у горле бальшавiцкiм бандам.

Гацi лiчылiся бясьпечнымi. Гэтта злучалiся тры чыгункi й заўсёды праяжджала многа войска. Тут працавалi нямецкiя чыгуначнiкi, работнiкi будаўнiчае арганiзацыi Тодта, гэтта ўрэшце быў i галоўны пункт нямецкiх адзьдзелаў, што ахоўвалi чыгункi. Слаба ўзброеная мясцовая дапаможная палiцыя iстотнай сiлай ня лiчылася.

Вярнуўшыся зь Вiльнi, у тое лета Янук Бахмач, як мага, пасабляў бацьку пры гаспадарцы. Помач была надта за руку хваравiтаму Пракопу Бахмачу, бо кульгавым Мiколам вельмi не паддапрэшся. Януку-ж ня трэба было казаць, што мае зарабiць на харчы на наступны год навукi. Жыцьцё ў вялiкiм горадзе дало Януку накшы погляд на цэннасьць працы ўдома. Хлапец падрос, уздужэў, жыцьцёвае практыкi набраўся й таму ўлетку стаўся галоўнай сiлай на гаспадарцы Пракопа Бахмача. Калi раней даводзiлася яго да працы падганяць, дык цяпер намагаўся бацьку наперад забегчы, вельмi рана ўставаў i позна клаўся спаць. Далёкая Вiльня навучыла яго цанiць хлеб i цешыўся з нагоды аддаць бацьку належнае за помач.

— Ты-б, сынок, — казаў бацька, — ня ехаў увосень назад у тую Вiльню. Нашто яна табе цяпер? Вiдзiш, вуньдзiка вайна, хто ведаiць што яшчо будзiць. Глядзi во Дуня вучыць у школе й добра, кажуць, рады сабе даець. Чаму-б i табе ня вучыць? Усё-ж заработак нейкi…

62
{"b":"103053","o":1}