ЛитМир - Электронная Библиотека
A
A

33

Iдучы па менскай вулiцы пад канвоем, у лiку пяцёх чалавек з групы, якую пасылалi на рашчышчаньне хламу й руiнаў ля будынку камiсар'яту. Янук ледзь цягнуў слабыя ногi. Яшчэ кружыла ад сьвежага паветра галава й ён моцна высьцерагаўся каб не спаткнуцца на якую няроўнасьць, выбоiну, каб ня ўпасьцi. Тады будзе канец, — гэта ведаў. I так ледзь ня скончыўся. А цяпер вытрымаць! Адзiны ратунак. Сьвежае паветра, можа пры працы якая лiшняя крошка хлеба ў рот трапiць. Усё-ж праца — дабраслоўлены Богам занятак.

З жахам прыгадваў, што магло стацца. Яшчэ адзiн дзень, яшчэ тая жахлiвая камэра, дзе з ложка ўжо ледзь мог падняцца. У галаве шматкаляровыя кругi. Насела на яго кароста. З рук перакiнулася ў рот, амаль залажыла яго. Ня мог таго сьцiплага кавалачка хлеба сажваць i праглынуць. Адно, — i гэта зь вялiкiм болем, — ледзь удавалася тую жыжку, што называлi супам, у рот улiць. I так дзён пяць, сем, — пасьля страцiўся лiк, — без харчоў. Далi сьмярдзючую мазь Вiлькiнсона. Намазаўся. Колькi раз прасiўся да лекара, усё абяцалi. Зьняможаны, згаладалы, ляжаў на ложку, сам у камэры, ня мог устаць. Прыйшоў новы сьвет: канчальная нямогласьць, сiлы таялi. Слабасьць узяла ў свае абдымкi. I была яшчэ воля жыць, але ня было сiлы. Праз заложаны каростай рот цяжка было дыхаць. Усьведамленьне гаварыла, што прыходзiць канец. I дзiва дзiваў! Як лёгка памерцi. Цела ўжо здалося. Трэба адно нiчога не рабiць, зусiм не намагацца, ня перашкаджаць таму няўхiльнаму працэсу, якi прывядзе да сьмерцi. I яшчэ адно: зусiм нiчога ня думаць. Аддаць сябе ў рукi Богу. Ён, пэўне-ж, вызначыў Януку свой шлях, а воля Ягоная — гэта пачатак i канец.

Але ў зусiм аслабленым, схудзелым целе ня спыняў сваей дзейнасьцi ягоны загадчык — заўсёды няўтомны й вытрывалы й заўсёды актыўны мозг. I гэты загадчык цягнуў Янука да жыцьця. Уяўленьнем вёў яго да родных гоняў, туды, дзе буйнее шматгранная прырода, дзе як сымбаль няўмiручасьцi стаiць на сугры Гараваткi гiгант Архiп; у кусты, дзе салаўi вяжуць цудоўнай прыродзе свае хаваласьпевы, дзе сьпяваюць жнейкi, у вабдымкi каханай дзяўчыны, у муры вiленскай гiмназii, у пабожную грамаду перад Вострай Брамай. I блукаў зьняможаны юнак па ўсiх месцах роднае зямлi, дзе спазнаў соладзь i горыч жыцьця, якое вось адно ўзялося, каб расьцьвiсьцi, каб завязацца пасьля нейкай асаблiвай завязьзю.

А была перад iм шэрая, патрэсканая, цёмная сьцяна й слабасьць. Калi намагаўся ўставаць, напружваў апошнiя сiлы. Галава важыла некалькi тонаў. Цьмянае сьвятло й чырвоныя, сiнiя, жоўтыя, шэрыя, зялёныя кругi ў галаве. Ох Госпадзе, колькi людзей спазнала, якая цяжкая можа быць галава! Яшчэ дзень, яшчэ вось няшмат часу так паляжаць, капiтуляваць, нiчога не рабiць… Сiлы таялi, быццам воск. Дзесьцi коцiшся ўнiз па пахiлай, а можа й стоць падаеш. I ведаеш, што ўжо ня будзе супыну аж пакуль ахутае цябе поўная й вечная цемра. А пасьля труп твой выкiнуць у нейкую агульную ямiну.

Ратунак прыйшоў зусiм неспадзявана. А iм сталася Янукова чарга ў лазьню. Ледзь давалачыўся. Нехта памог. Нехта вытлумачыў, што кароста баiцца чысьцiнi, што пасьля мазi Вiлькiнсона трэба добра выпарыцца, вымачыцца. I зiрнi: вунь за пару дзён пасьля лазьнi кароста пачала раптоўна зьнiкаць, шырэй адчынiўся рот. Аздараўленьне аслабленага цела йшло паволi, але кульмiнацыйны крок зроблены, працэс дужаньня пачаўся.

Неякi тыдзень пасьля тэй лазьнi Янука паведамiлi, што суд пакараў яго на чатыры месяцы вязьнiцы за нелегальны праезд чыгункай. Гэткае паведамленьне пачуў у канцылярыi вязьнiцы. Сухi ўраднiцкi язык сказаў яму пра суд, але адмовiўся паiнфармаваць Янука дзе й калi той суд адбыўся й чаму яго, Янука, на суд не паклiкалi. Калi загадалi вяртацца ў камэру, Бахмач паслухмяна паплёўся за вартавым. Чатыры месяцы! I за што? За праезд чыгункай. Усё-ж адкрылася нейкая шчылiна, прадушына, вiдаць быў наперадзе нейкi рубеж. Ужо падарозе ў камэру Янук аблiчыў, што калi нiчога ня стане ўпоперак дарогi, то павiнен апынуцца на волi 24-га сакавiка.

I назаўтра пасьля таго прыгавору выслалi Янука на працу. Вёў iх мясцовы, у цёмна-зялёным шынялi, iз доўгай савецкай стрэльбай, менскi Беларус. Iшлi на правым баку вулiцы й вартавы часта аглядаўся, мусiць, каб групу ягоную ня пераехала якая вайсковая машына. Прайшоўшы некалькi кварталаў, спынялiся ля новабудаванага, у вадным крыле незакончанага высокага будынку з чырвонай цэглы. Навокал — хлам i руiны. Ранiцай, калi добра цяў мароз, раскладалi вогнiшча. Навокал будынку, прынамсi з фронту яго, стаяў высокi драцяны плот. Вартавы вязьняў не падганяў, адно спанукаў каб выглядалi вельмi занятымi, калi працавалi пры тачках з кiркамi й лапатамi. Ведама-ж, пасьля жыжкi, прысалоджанай цукарынай i маленькага кавалка цьвёрдага, як цэгла, хлеба на сьнеданьне, многа не напрацуеш.

— Давайце, рабяты! На хлеб мусiце зарабiць! — усьмiхаўся вартавы.

«Рабяты» разумелi колькi й як мусяць яны на той нiкчэмны хлеб працаваць. I гэтак, стоячы ля вогнiшча, пакуль узяцца за кiрку, тачку цi лапату, Янук адразу пачаў разглядацца. Па суседзтве ўзвышаўся цiкавы будынак. Сьпераду, паўколам, стаялi высокiя, круглыя слупы, а корпус ягоны, вялiзных разьмераў, быў, вiдаць, адно часткова пашкоджаны. Што ў тым будынку месьцiлася падчас савецкае акупацыi, Янук ня ведаў. Адно цяпер там, як выглядала, важная была ўстанова. Будынак быў абгароджаны плотам, а ў браме стаяў вайсковы вартавы. На машце лунаў бел-чырвона-белы сьцяг. I вось ранiцай, дзесьцi каля гадзiны восьмай, пераз слверык нацянькi, да гэтага будынку йшлi цывiльныя й вайскоўцы.

За некалькi дзён. прыглядаючыся iм, Янук ужо распазнаў некаторых афiцэраў Беларусаў, што да гэнага часу ўжо вымантажылi ў Немацаў права на арганiзаваньне некаторых вайсковых адзьдзелаў. Гэтак, кажнае ранiцы бачыў ён высокага, iз прыкладнай вайсковай вытрымкай афiцэра, што бадзёра, iзь цёмнарудой тэчкай пад пахай, крочыў на працу. Гэтага Янук бачыў некалi ў Вiльнi, калi прыяжджаў на сьвята выпускнiкоў Вiленскай Беларускай Гiмназii. Гэта тады, прыгадаў Янук, iзь вялiкай зайздрасьцю пазiралi на яго вiленскiя студэнты. Як-жа! Беларус i ў чыне маёра. Гэта не абы-што. I адно пасьля даведаўся Бахмач, што да яго пабег з просьбай Лявон Загорны, калi ён, Янук, трапiў у вязьнiцу. А афiцэр гэны, што выглядаў надта заняты, прагнаў Лявона, як назойлiвага авадня.

— Выходзьце адсюль! — крыкнуў, - бо калi будзеце дакучаць, дык i вас загадаю арыштаваць!

Калi бачыў Янук ранiцай гэных беларускiх афiцэраў, што йшлi на працу ў будынак, дзе, як пасьля, даведаўся, месьцiлася Беларуская Цэнтральная Рада, хацелася выскачыць катораму насустрач, схапiць яго за руку, ды прасiць: Даражэнькi, памажы мне! Я-ж беларускi патрыёт, студэнт вiленскай беларускай гiмназii. Мяне нiзавошта пасадзiлi ў вязьнiцу. Я прйду вам памагаць, пайду ў беларускае войска, бо нам трэба супольна за Беларусь змагацца. Памажыце мне, дарагiя!

У Януковым уяўленьнi складвалiся словы просьбы, кароткай i абавязкова драматычнай, каб зьвярнуць увагу гэтыцх людзей, якiя, пэўне, будучы пры ўладзе, маглi-б сваiмi, ведамымi iм сьцежкамi, спрычынiцца да таго, каб Янука пусьцiлi на волю. I ледзь-ледзь цi раз Янук ужо ня кiнуўся да iх. Але… Добра, што не адважыўся. Бо калi той маёр Чмель пагражаў арыштам ягонаму сябру Загорнаму, каб не дакучаў, дык як-бы ён зрэагаваў, калi-б з групы вязьняў, што працавалi пры ачышчэньнi руiнаў, выбег яму насустрач схудзелы юнак ды пачаў вярзьцi нешта зусiм нясумяшчальнае з тымi думкамi, якiя ў той час мог мець важны афiцэр падарозе да сваiх дзённых, пэўне-ж вельмi важных заняткаў? Ён-жа ў той час мог разважаць пра хады й пералазы для пабудовы вялiкай беларускай армii, мог укладаць якiя вялiкiя пляны. А тут, раптам, насустрач, iз крыкам — ратуйце! — вязень, якi ўцёк спад аховы вунь таго вартавога. Чаго добрага, афiцэр мог-бы выцягнуць з кабуры пiсталет i тут-жа юнака застрэлiць.

А ў гэты чырвоны будынак плыло што iншае: у рудых, партыйных мундзiрах i пераважна з шафёрамi на аўтамабiлях, прыяжджалi запраўдныя валадары паняволенай зямлi. Пры ўезьдзе таксама правярала iх варта. Гэтта, вiдаць, быў гэнэральны камiсарыят Беларусi. Але адкуль Януку было тады пра гэта ведаць? Каго спытаешся? Спрабаваў пацягнуць за язык свайго вязьнiчнага вартаўнiка.

72
{"b":"103053","o":1}