ЛитМир - Электронная Библиотека
A
A

Праз усе гутаркi пракiдваўся чырвонай нiткай вялiзны жах перад бальшавiцкай пошасьцю, якая з усходу зноў залiвала вайной вынiшчаную краiну. Жах выяўляўся дрыжачым голасам, буйной сьлязой па загубленай раднi цi блiзкiх людзёх, або грубай i няўпрыгожанай лаянкай пад адрасам калгасных цiвуноў i самога «айца народаў». Жах падсычваўся безнадзейнасьцю, што вынiкала iз слабасьцi сiлаў, каб паўстрымаць пошасьць, што нясла сьмерць спакойнаму й плённаму, з Божай помачай, сялянскаму жыцьцю. I ў збалелых сялянскiх грудзёх заглохлi песьнi. Ня маючы ратунку ад чужой пошасьцi, Беларус Бога на помач клiкаў. Каб уратавацца ад бальшавiцкiх варвараў, Бога клiкалi на помач больш як чвэрць стагодзьдзя. А калi натоўп мiлiёнаў гналi ў шырока адчыненую пропасьць зямнога пекла, Бог, як людзям здавалася, сядзеў недзе як той каменны Сфiнкс, на модлы не адказваў.

Жах вiдаць быў ня толькi на баразнаватых тварах старэйшых, якiм ужо недалёкая будучыня калгасны прыгон несла. Трывожылiся й вясковыя дзяцюкi, як кавалёў Лёнька, Уладзiк i Стась Зянькевiчы, дый больш дзясятка iншых, — усе, што падрасьлi падчас вайны. Падазравалi, што ў недалёкай будучынi кастлявая заграбастая ведзьма можа iх на агнявую лiнiю паслаць. Думаючы пра нявучаных вясковых дзяцюкоў, шматлiкiх сваiх аднагодкаў, Янук параўноўваў iхную сытуацыю iз сваей. Яму ясна вiдаць было тое, чаго яны ня бачылi: патрэба сьведамага й зарганiзаванага змаганьня супраць варожай пошасьцi. Сьведамага змаганьня за свае й народныя, Богам даныя правы, насамперш за волю, узвышае чалавека, дае яму гонар i годнасьць, прыблiжае яго да самога Тварца, што навучаў сваiх вучняў дабро й любоў пашыраць i iз злом змагацца. Нясьведамасьць паралiжуе ўсё шляхотнае, забiвае чалавечую душу, робiць нявольнiкам i ўгнаеньнем для чужых.

Нясьведамыя людзi былi бездапаможнымi не iз свае вiны. Калi-б яны й пайшлi змагацца, дык пэўне-ж пад нейкiм прымусам i хутчэй усяго супраць некага цi нечага, — прыкладна супраць зьненавiджаных калгасаў, чымся за нешта, як усьведамлёную патрэбу вольнасьцi й незалежнасьцi народу. I хоць ты залiвайся сьлязьмi, а што зробiш? Усе гэтыя дзяцюкi патрэбныя Беларускай Незалежнiцкай Партыi для змаганьня з бальшавiзмам i ўсiмi iншымi ворагамi iдэi незалежнае Беларусi. Ды спрабуй ты iм гэту патрэбу вытлумачыць, або давесьцi, што толькi змаганьнем могуць здабыць права жыць i выжыць. Скарэй качаргой месяц дастанеш, чым такое табе ўдасца. Што сказаў-бы на такую патрэбу Стась? Стась, бамбiза эгэ! Вырас вунь якi, а ў галаве цьма, цi, — як людзi казалi, — вырас аж пад неба, а дурны як трэба. Янук аж разрагатаўся, падумаўшы што сталася-б, калi-б спрабаваў усьведамляць Стася. Адылi доктаравага бамбiзу, ужо бяз бурбалкi пад носам, пагоняць на «даёш Берлiн»! А там… круцi, ня круцi, а трэба памярцi. Матка Боская, вось сытуацыя! I Стась, i Ўладзiк, i Лёнька, i iншыя, усе яны — «пушечное мясо». Пойдуць у мясарубку адно таму, што ў iхных галовах пуста. А колькi-ж такiх, як яны, у Беларусi? Магчыма, бальшыня.

Пры такiх разважаньнях шчодра пацяклi ў Янука сьлёзы. Бачыш надыходзячую катастрофу й нiяк адхiлiць яе ня можаш. У такi момант Янук намагаўся ўявiць адваротнае: калi-б ён ня бачыў усяго, што бачыць, не ўсьведамiў-бы вялiкае апокалiптычнае трагэдыi народнай, не балела-бы яму сэрца. Сума сумарум Стасевых цярпеньняў будзе куды меншая, чымся Януковых. Калi пры тым «даёш Берлiн» Стась не дабярэцца да райхстагу й загiне, дык што-ж? Чалавеку адно жыцьцё дадзена й можа лепш пражыць яго з найменшым цярпеньням. А яму, Януку, апроч фiзычнага трэба будзе пераносiць яшчэ й духовыя мукi, бо ён, як некалi той Мiцкевiч казаў, цярпеў за мiлiёны. Пэўне-ж, у вялiкай роспачы сваей спадзяваўся Янук, што такое цярпеньне прыблiзiць яго да Бога.

Пад грукат цягнiка, упоцемку цяклi па Януковым твары сьлёзы. I прыгадалася яму слабодзкая царкава, побач з Дуняй вялiкодная служба. З прычыны ваеннага становiшча, пачалася яна на золаку. Ля яго стаяла прыгожа апранутая, мiлая дзяўчына. Сярод пярэстых хустак, сьвяточных сьвiтак, пры цудоўным сьпеве аж двух, на зьмену, хораў, як нiколi раней адчуваў блiзкасьць Дунi. Вязьнiца зрабiла сваё. Дуня не адказала яшчэ на тое важнае пытаньне.

У царкву, здавалася, сабралася ўся вялiкая ваколiца. Грамада запоўнiла ўсе куты прасторнай сьвятынi й вылiлася пераз галоўныя дзьверы на двор. Над адтаенымi нiвамi, у акампаньямэнт малiтвам i сьпевам, гiмнам вясьне ўзьнялi сьпеў жаўранкi. Яшчэ пакуль сонца на ўсходзе чырвоным клубком выкацiлася з-за грабяня Гаравацкае пушчы, народ у царкве намагаўся даць праход царкоўнай працэсii, што павольна, iз iконамi й харугвамi, i хвалой Новаўскросламу iшла да дзьвярэй. Пад сьпевы хору, за крыжам, харугвамi iконамi й сьвятарамi вылiлася з царквы на двор рака людзей. Урачыста весьцiў пра вялiкае здарэньне гучны звон з шэрай, ужо пешчанай праменьнямi ўзыходзячага сонца, вежы. Некалi руплiвыя вернiкi схавалаi яго ад бальшавiцкiх бязбожнiкаў. I ўжо ня першы раз ад часу аднаўленьня абвяшчаў ён людзям вялiкую радасьць:

Хрыстос iзь мёртвых уваскрос,
бiм-бам-бом,
сьмерцяю сьмерць паканаў,
бiм-бам-бом,
i тым, што ў магiлах,
жыцьцё дараваў.

Вялiкодны трапар паўтараўся часта падчас сьвятое лiтургii. Перад шчодрым золатам полымя нязьлiчоных сьвечак маестатычна выглядалi райскiя вароты.

Сьмярцяю сьмерць паканаў…

Раптоўна нахлынулi гарачыя сьлёзы, нехта кляшчамi сьцiснуў сэрца. Полымя сьвечак то зьлiвалася ў суцэльный пажар, то дробнымi iскрамi рассыпалася ў тысячу кiрункаў. У гэны момант якраз надта ўзьнёсла й цудоўна сьпяваў хор, асаблiва тэнары i, як саказаў-бы нейкi цынiк, яшчэ больш раськiс Янук. Левай рукой ён намагаўся выцерцi гарачыя сьлёзы. Няёмка перад Дуняй. А зь iншага боку, — калi нельга памалiцца й паплакаць у Доме Божым, дык дзе тады? Дунiна спацеўшая далонь сьцiснула Янукову й тады хлопцу здалося, што дзяўчына дрыжэла.

— Янучок, мiленькi, пiрастань.

Яна сказала выразна, нахiлiўшыся да вуха. Павярнуўшы галаву направа, празь сьлёзы Янук спасьцярог журботна-спачувальныя васiлькi.

— Сягоньнiка вялiкая радасьць. Хрыстос уваскрос i трэба цешыцца.

Згода.

Служба зацягнулася масай прычасьнiкаў. Калi Янук i Дуня, узяўшы пасьвечаную сьвянцонку, пацалавалi крыж i выйшлi са сьвятынi, ужо даволi паднялося й весела ўсьмiхалася вернiкам маладое сонца. Па дарозе ехалi каляскi, групамi йшлi людзi. У левай руцэ Янук трымаў вузялок з чыстага, вышыванага яшчэ гаротнiцай маткай, ручнiка. Сьвянцонка складалася iз жменькi надта цэннай цяпер вайной солi й паўтузiна чырвоных, шалупiньнем цыбулi маляваных яек. Дзесьцi ўдома бацька й Мiкола ўжо даглядалi гаспадарку й будуць чакаць на яго й сьвянцонку. У мiску iзь сьцюдзёнай вадой уложыцца адно пасьвечанае яйка, а пасьля ўсе яны памыюцца «у чырвоным яйку», каб румянымi й здаровымi быць. Пахрыстосуюцца, адзiн аднаго значыцца ў вабдымкi возьмуць, пацалуюцца. За рознымi прысмакамi застаўлены стол сядуць. Разгаўляцца.

Побач задуманага Янука, пад сымфонiю жаўранкаў, шпакоў, адгалоскi сабачага гаўканьня зь вёсак, спакойна тэпала Дуня.

— Янучок.

Сказала цiха, ледзь пачуў. Вочы iх сустрэлiся. У Януковай галаве ўсё яшчэ пералiвалiся, славiлi Хрыста бесканечна мiлагучныя царкоўныя мэлёдыi.

— Янучок, — паўтарыла дзяўчына.

— Ага. Што?

— Я думала пра тое.

У голасе ейным адчувалася нешта важнае.

— Пра што? — не адразу дадумаўся Янук.

— Што ты мне ў школе прапанаваў.

Цяпер хлапец усьведамiў вялiкую вагу таго, што зараз мела стацца. Ён запаволiў крок, уважна зiрнуў на Дунiн рапраменены тварык, затрымаўся на памастацку аформленых пунсовых шчоках i поўных вуснах. Вось неўзабаве, — ужо паскорыла ход сэрца, — адчыняцца гэтыя мiлыя вусенкi, каб язык мог зрабiць гукi, ад якiх будзе залежыць Янукова будучыня.

— I? — здолеў Янук вымавiць, iз стрыманым дыханьнем, адну адзiнокую лiтару.

85
{"b":"103053","o":1}