ЛитМир - Электронная Библиотека
A
A

Кастусь Акула

Закрываўленае сонца

1

На захад сонца раньняя восень дыхала туманам балотнае нiзiны, па якой марудна зьбiрала свае воды верхняя Бярэзiна. Золкая масьлянка кудзеляй спавiвала шырокiя паплавы й расплывалася па лiтоўскiх начоўках. Ранiцай, калi пачынала прыграваць сонца, туман найперш асядаў у лiтоўскай лагчыне, суседнiм балоце, а найдаўжэй трымаўся ў гушчарах над ракою.

Марудна й лена адмiрала лета. Сьпелы верасень забаўляўся кволым павуцiньнем, снаваў сярэбраныя ўзоры на бабках ярыны, аздабляў сувоямi тонкае пражы чубы кустоў на ўзьлесьсi й аржышчы азiмiны. Буйнейшы вецер каламацiў павуцiнныя кросны, зрываў сярэбраныя нiткi з кустоў ды нёс iх уверх да сонца. Павуцiньнем забаўлялiся падлёткi. Начэплiвалi яго на палкi, уважна разглядалi малых чорных майстроў дзiўнае тонкае пражы. Зьзяла на сонцы тое павуцiньне чыстым доўгiм серабром.

Засланае малочнай смугой неба наганяла млосную ляноту, якую ў далiне лiтоўскай трывожыў адно перазвон малаткоў зь зялезам у кузьнi. На парыжэлай Гараватцы сонна варушыў лiстотай, покаў жалудамi й грэў сiвыя баразнаватыя плечы гiгант Архiп, а на могiльнiку ў каронах дзьвёх вялiкiх соснаў вяла зьвягалi гракi й вароны. На нiвах сярпы дагрызалi апошнiя хвасты ярыны, галёкалi на статак пастушкi, а ў гумнах панскiх наймiты, быццам мурашкi руплiвыя, увiхалiся ля пражорлiвых малатарняў.

Мясцамi чырванеў ужо лес. Руплiва, часта прыхавана ад вока людзкога, завiхалiся пры зборы плёнаў лясныя жыхары. Гарлапанiлi ў верхавiнах дубоў шустрыя сойкi, трушчылi сасновыя шышкi нястомныя дзятлы. У арэшнiку, сасьняку й ельнiку гэйсалi гаспадарлiвыя рудыя вавёркi. Сноўдалiся па купiнах i смакталi сьпелыя журавiны ласi й сарны. На паплавох, пад клапатлiвым наглядам бацькоў сваiх, усё яшчэ здавалi акзамiны паляваньня на вужоў i жаб уздужэлыя бусьляняты. Некалi сабяруцца яны ў карагод, ключом паплаваюць-пакружаць на разьвiтаньне над роднымi мясьцiнамi ды ў далёкую дарогу на поўдзень рушаць. У нетрах балотнае глухаманi крычэлi журавы. Нiкуды iм ня рупiла, бо бацькаўшчыну пры першых замаразках пакiдалi.

Як на заказ, ужо каторы тыдзень прыгожая пагода трымала. Здавалася, што запаволенае жыцьцёвае тэмпа плыло нармальна. Адылi варта было прыгледзiцца й прыслухацца вёсцы, павандраваць па ваколiцы, зазiрнуць на нiвы, у гумны, вечарам дзе на прызьбе прысесьцi, як няцяжка спанатрыць, што ў глыбiнi запаволенага пульсу жыцьця адчувалася затоенае трывожнае дыханьне. Навет дуда Хвядосава надарваным голасам цягнула.

Разам з навабранцамi павандравалi ў сьвет чужы лiтоўская весялосьць. Здаецца ўчора тое сумнае разьвiтаньне было. Утрывалiся ў памяцi гарэзьлiва-выклiкаючыя радкi песьнi Тадэўкавай:

Вы ня думайце, Палякi
што мы будзем ваяваць!
Мы засядзiм у вакопах,
самагонку будзiм гнаць.

Цi да самагонкi iм цяпер? З-над Одры й Вiслы кацiлася жахлiвае рэха. Рукi тыя, што цяпер мелi-б увiхацца з прыладамi працы сялянскае, недзе чужымi стрэльбамi й за чужыя iнтарэсы цэлiлiся ў чужых, нiякага ўрону iм не зрабiўшых людзей. Ногi, што роўным крокам сьвежыя барозны за плугамi слядзiлi-б, цяпер у абгортках жаўнерскiх i цяжкiх чаравiках перабягалi недзе палямi крывавае бойнi. Галасы, што дзетак цешылi-б i патолiлi, у чужой краiне нячысьцiкаў, вайны майстроў праклiналi. Вочы, што плёнамi працы родных нiваў любавалiся-б, недзе, жахам перапоўненыя, сьмерць i глум мерылi. Вусны, што цалункамi сваiх выбраных галубiлi-б, у дарожным пыле й гарматным дыме недзе сьмяглi. Сэрцы, што жывой любоўю да роднай старонкi поўнiлiся, у непасiльнай зьнямозе недзе крывавiлiся. Дый хто ведаў колькi iх спынiлася ўжо.

Тымчасам сяляне лiтоўскiя пра моладзь сваю ў вагнi вайны турбавалiся, зь нядобрымi прадчуваньнямi пры працы корпалiся, запаволенае жыцьцёвае тэмпа трымалi. Зямля скупыя плёны працы гаспадаром аддавала, заманлiвым асеньнiм супакоем дурманiла. Як наўмысна, добра пагода ўладзiлася, каб дзе на небе хмарынка, каб якi буйны вецер узьняўся. Цi ня быў гэта той прыказачны, надзiва залаты супакой перад бурай гвалтоўнай, каторая не за гарамi ўжо вунь усхадзiлася…

2

Даўно адгарлапанiлi ў вёсцы пеўнi й паволi разганяў начную цемру зябкi золак. Ля хлявоў голасна сакаталi куры, пад стрэхамi пераклiкалiся галубы, хмарамi наляталi на гумнiшчы й накiдвалiся на парассыпанае зерне сьвежай збажыны шпакi. Рэдка дзе скрыпнуў асьвер. Адно самым руплiвым няўлежна ў цёплых пасьцелях было. Надта-ж марудна раскатурхвала вясковы народ са сну сьвятая нядзеля.

На гасьцiнцы непадалёк Гаравацкай пушчы канчалася ўсяночная праца. Учора верх партыйнага падпольля загад прыслаў. Выканаць яго трэба было, хоць на галаве стань. Ад поўначы дзесь працавалi. Цяпер-жа Косьцiк Сабакевiч i Лявон Шпунт скруцiлi пiпкi, прыкурылi, папярхiкалi едкiм дымком ды адыйшлiся колькi крокаў, каб дзяцiшчам сваiм, новазмайстраванай брамай прывiтальнай палюбавацца. Павалiцкi Хвёдар i Параска Макатунiшка раскручвалi доўгае белае палотнiшча з напiсам, матузы да яго прывязалi. "Да Здравствует Доблестная Освободительная Красная Армия!" — крычэлi паўмэтровыя, прыгожыя чырвоныя лiтары. У канаве цярплiва чакаў свайго пачэснага месца на браме вялiкi партрэт.

Ад тэлефоннага слупа з аднаго боку гасьцiнцу да вялiкай бярозы з другога, мэтраў на восем уверх, упоперак дарогi праляглi чатыры здаравенныя бярозавыя жардзiны, зьбiтыя шматлiкiмi папярэчнiцамi. Мясцамi аздобiлi iх верасам, або чырвоным матар'ялам агарнулi. Цяпер адно павесiць гэны вялiкi партрэт, удаўжкi прымацаваць да жардзiны клiч прывiтальны й справе канец, могуць вызваляць.

Косьцiк Сабакевiч, Лявон Шпунт, Параска Макатунiшка й Павалiцкi Хвёдар, — чатыры перадавыя падпольнiкi з ваколiцы — сустрэнуць дарагiх братоў з Усходу з хлебам i сольлю як гаспадары й гэроi падпольля, заўтрашнiя правадыры працоўнага народу. Якая-ж салодкая надыходзiць радасьць! Зноў згадаў Косьцiк тыя бясконцыя цяжкiя днi й ночы, панскiя вязьнiцы, жыцьцё ў холадзе й голадзе, калi чалавек ценю свайго баяўся, роднаму не давяраў. Навет учора, калi загад канчаткова з нары вылазiць прыйшоў, браму прывiтальную для «доблiснай» майстраваць, дык i то асьмелiцца паказацца на сьвет божы боязна было. Дзiва што! Гэтак сполаху нагналi — па начох адно з нары вылазiў — што за вуглом кажнага будынку, здавалася, тайны шпiгун на яго цiкаваў.

Сказалi, што «доблiсная» заўтра перад абедам вызвалiць манiцца, дык браму назарэз да ранiцы трэба было скончыць. Рук не пакладаючы, ад поўначы працавалi. Добра пры тых жардзiнах, пакуль зрэзалi й папрыбiвалi, папанатужылiся. Дый без асьцярожнасьцi нельга было. Ня дай Божа, наляцi палiцыя. Косьцiк свой абрэз захапiў, каб чорту якому непаклiканаму ў выпадку чаго адбой даць.

Што й гаварыць, здорава папацелi. Ноч бяз прыгодаў прайшла. На досьвiтку такавалi дзесь заўзята ў лясной глушы цецярукi, пераклiкалiся на хутарох пеўнi, а пасьля маланкай прагрукаталi па чыгунцы з Загацьця тры паравозы й колькi вагонаў. Нячуванае-нябачанае: ажно тры паравозы на такi эшалён кароткi. Цi не пранюхаў панок якi, што «нашы» з Усходу сяньня "братом сваiм" руку падаваць маюць. Спасьцярогшы, як рука гэна перазь мяжу выцягвацца манiлася, каб ямчэй пяткi падмазаць, аж тры паравозы падпрог. Калi-ж яны ў Гацi прыджгалi, адразу пажвавеў на чыгунцы рух. Заварушылiся ў трывозе паны. Куды ўцякаць? На Захадзе Сосаў хаўрусьнiк Адольф, каторага маскалi нарабаваным ад народу дабром падкармiлi, ужо бальшыню «моцарствовай» праглынуў, страўнiк задаволена гладзiў, са смакам над Бугам аблiзваўся, на прынадны кавалак Беларусi пазiраў.

Канчаўся нарэшце кашмарны час Косьцiкаў, калi быў самым апошнiм «нiчэм», ды нараджаўся дзянёчак сьветлы, калi тым доўгачаканым «всем» расьцьвiце й ўзбуйнее. Выкачвалася з-за Гараваткi сонейка яснае.

1
{"b":"103054","o":1}