ЛитМир - Электронная Библиотека
A
A

— Гэта ў вас цi нi за дзяўчыну некалi пашло? — прадаўжаў дзед.

Гэтта Антось зiрнуў на дзеда войстра, з дакорам у вачох, быццам яго раптоўна нешта пеканула. Дзед зразумеў.

— Ну ладна. Я яго, каб яго макарэц, гэтага ханжу сам нi магу цярпець. Дык тое, што тут гаварылася, мiж намi…

— Ат, — махнуў Антось рукой, — такая важнасьць. Сьветак нi было. Нiхай думаiць што хочыць.

Дзяцюк загледзеўся на Тахвiлiна гумно. Уверсе плаўна кружыў коршун. Ён камянем упаў унiз i з таго месца пырхнула грамада галубоў. Пiльнае Антосева вока асачыла дзяруна, калi гарызантальна, iз шпаркiмi ўзмахамi крыльляў праляцеў над плотам уздоўж Тахвiлiнага саду й скрыўся за вiшнёвай гушчай. З таго боку крычэлi патрывожаныя куры.

— Хапiў, баньдзюга!

— Ты пра каго гэта? — спытаў дзед.

— Каршун ля Тахвiлiнага гумна галуба схапiў.

З-за балота прыкацiўся гул цягнiка. Недзе ля пераезду загудзеў паравоз. Сiпавата-басiсты, з дамешкай хрыпаты гук. Быццам нехта ў дзьве вялiзныя пляшкi дзьмухаў. Чыгунку акупанты пашырылi адразу. Цяпер даўгiя эшалёны танкаў, гарматаў i iншага ваеннага багацьця цягнулася на захад.

— Ну як i загудзiць-жа такi паравоз, дык ажно лыткi дрыжаць, сэрца недзiка ў пяткi ўцiкаiць, — дзiвiўся доктараў Стась, — нагледзеўшыся паравозаўi ўволю наслухаўшыся таго гудзеньня ў Гацях. Дзецi налётам тарчэлi пры чыгунцы "маскоўскiя паязды" аглядаць. — Надта-ж, надта вялiкi той паравоз маскоўскi, — казаў Стась, — а на самым перадзе дык у яго чырвоная зорка. Ён можа польскiя малыя тры могбы папхнуць, ня здужалi-б аднаго. Як чмыхне, дык чмыхне, от-жа й сiла!

— Што ў Пiлiпа чуваць? — спытаў дзед Антося.

— Казаў, што скора зямлю дзялiць будуць i галасаваць будзiм.

— Гэта ўжо старое.

— Казаў Пiлiп, што гэта Аксеня ягоная цяперака саўсiм сьвежую навiну прынесла. Адно толька нiвядома калi тое «скора» будзiць.

— Даберуцца во. Куды iм сьпяшыць, можа людзей яшчо нi паабiралi. А што пра паноў i асаднiкаў?

— Гэтым, кажуць, на Сiбiры колькi хочаш месца. Вывозiць будуць.

— Вывозiць, кажаш? Як гэта вывозiць? Сем'ямi, цi як?

— Хто iх ведаiць… гэтага нi кажуць. Алi гэттака сакрэту нiма, што паедуць дык паедуць. Усе бальшавiкi так кажуць, як у вадну дудку ўсiроўна, мяшаў Антось далей сарокам кашу.

— Цi-ж гэта iм пяршына, — уздыхнуў дзед. — Гэта-ж як за маей памяцi… калi нi аднаго дык другога, а ўсё ў тую праклятую Сiбiр, каб яна скрозь зямлю правалiлася. Самому мне прышлося…

Дзед выстукаў зь люлькi табаку, напакаваў сьвежай i прыкурыў.

— А ў каго гэта сягоньнiка малоцяць?

— Ды ў Бурака-ж, у каго яшчо… Казалi, што на днi тры цi нi зьбярэцца.

— Цябе ня клiкаў?

— Не. Алi трэба будзiць зайсьцiся паглядзець.

— От гэтым цяперака раздольле. Сын — начальнiкам, а ў бацькi ад дабра аж пiралiваiцца.

— Стары жмiнда надта-ж прагавiты. Цяперака яшчо можа Косьцiкавай рукой будзiць пробаваць разжыцца. А во, як на лёгкi памiн, абодвы цацы, — ажывiўся Дзяркач, перастаў "сарокам кашу мяшаць" i паказаў кiем у бок клецi малодшага Пятуха. На самакатах наблiжалiся дзьве ведамыя фiгуры.

— Гэта-ж хто, цi ня гэтыя? — спытаў дзед. — Я нi давiджу так далёка.

— Яны-ж, Косьцiк i Лявон. Па "гасударсьцьвiнных дзiлах" мусiць, скрывiўся дзяцюк. — Пiльныя дзялiшкi. Бацька з наймiтамi малоцiць, а сын бiбiкi зьбiваiць. Начальнiк! Скончылася экспла… як гэта яны, чэрцi, называюць яе? — эксплатацыя чалавека чалавекам. Га-га-га!

Самакаты спынiлiся ля прызбы.

— Здрасьця, таварышчы, — гукнуў Сабакевiч. — Як жывяце?

Касавурычыся на Антося, Лявон нешта буркнуў сабе пад носам.

— Гэта ты, сынок, мяне ўжо таварышам вялiчаiш, га? — спытаў дзед Косьцiка.

— Пiрад савецкай родзiнай i правiцiльствам ды камунiсьцiчаскай парцiяй усе мы таварышы, — адцяў Косьцiк i фанабэрыста пазiраў на дзеда й маўклiвага Антося.

— Нiколi i ў галаву мне нi прышло, хто мне таварышам будзiць, скрывiўся дзед.

Косьцiк быў апрануты ў даматканы сiвы паўсуконны пiнжак, зялёную вайсковую кашулю, сiнiя галiфэ порткi й скураныя вайсковыя боты. З-пад пiнжака выглядала кабура з пiсталетам. Лявон мусiць ня прыдбаў яшчэ нiчога з савецкай вопраткi, бо апрануў падношаныя цёмныя порткi, чаравiкi, а белая расшпiленая кашуля выглядала з-пад сьвяточнага пiнжака.

— Што добрага чуваць, таварышы? — прадаўжаў Косьцiк.

— Ды нiчога, — адказаў Якуб. — Ад вас во трэба пачуць што было-б. Вам-жа цяперака вiдней.

— Пачуiш, дзед, пачуiш так многа, што на вяку сваiм можа ня чуў. Дзяржыся толька, многа новага будзiць.

Задзiрлiвасьць, самалюбства й пагроза гучэлi ў Косьцiкавых словах. Гэтак мог гаварыць чалавек, што нарэшце на нейкую вяршыню ўсьпялiўся, гаспадаром-валадаром стаў. Антось i Лявон маўчалi. Незадаваленьне такой сустрэчай вiдаць было ў iхных позiрках.

— Ну нам некада, — буркнуў Косьцiк. — Другiм разам, пака…

— Куды-ж iх пагнала? — спытаў дзед.

— Чорт iх знаiць. Ужо, вiдаць, пацягнулi недзе, басякi…

17

На палiцы ў куце хлiпала млявае полымя каганца. Роўна й мерна гулi жорны. Потам залiвала Пракопавы вочы й спружынiлiся мускулы правай рукi. Левай даланёй Пракоп выцiраў пот i намагаўся трымаць тэмпа. Роўна цiснуў на ручку жорнаў. Гэтак найлягчэй. Адно запаволь напор i тады куды цяжэй надрабляць. Часам зьмяняў Пракоп руку, але левая хутка слабела. Менш да цяжкой працы прывучаная, дый бок пачынаў ныць у тым месцы, што некалi ад Адасевых рук на "панствовым пастарунку" пацярпела.

Ноздры спацеўшага носу ўцягвалi жыцьцядайны пах падпражанага меленага аўса, апэтытнае ўяўленьне ўжо лашчыла прынадную аўсянку, што заўтра жоўтай гушчай запрашальна на Пракопавым стале стане. Да таго дойдзе мо сьвежы журавiнны кiсель i вось забясьпечыцца цэлая посная пятнiца.

Левая рука брала за сявенькi цёплы яшчэ, падсушаны ў печы авёс i насыпала ў жорны. На сьцяне варыўнi матляўся аграмадны пачварны цень. Быццам гiгант, засланяў ён амаль усю сьцяну, што над катухам з бульбай, борзда сьпяшыў у кут, дзе пераломваўся i ўжо над кадушкай, што стаяла блiзу дзьвярэй i насычала паветра пахам сьвежа-квашанай капусты, цень зьнiкаў у цемры. Але вось ён зноў вынырнуў адтуль-пераломваўся ў куце й на часiну ўжо выразным гiгантам затрымлiваўся над катухом з бульбай, каб пачаць папярэднюю вандроўку.

Вялiчынёй як добраму кату пралезьцi, ваконца асьвятляла крыху варыўню адно ранiцай. Малым яго наўмысна зрабiлi. Было-б большае, пiльнуй тады зладзеяў. Лучыну ў варыўнi палiць небясьпечна. Глядзiш, пырсьне iскрой ўбок, займецца полымем павуцiна й шукай тады ратунку. А каганцова полымя. якое параўнаў-бы Пракоп да кацiнага вочка, зьядала апошнiя кроплi цэннае нафты. Пры такой думцы млосна рабiлася. Учора Мiкола калеў у Гацях тры гадзiны ў чарзе за нафтай i вярнуўся дахаты з пустой лiтроўкай. Поўбяды было-б, калi-б жорны не спатрэбiлiся. Выглядала, што ня толькi аўсянку, але й зярно на хлеб саматугам трэба малоць будзе. Учора Сявенька вярныўся з млыну ў Докшыцах i прывез надта няцiкавыя навiны. Сяляне чакалi ў чарзе па два-тры днi.

— Засыпаюць казённае, ну а ты чакай. Алi што-ж маюць рабiць, людцы добрыя? — апавядаў Сявенька крыўдна-дрыжачым голасам. — От i чакаюць, на вазох сьпяць, каб наперад хто нi пiралез. Я табе, Пракопка, кажу, каб я з гэтага месца нi зышоў, такога яшчо ня вiдзiў. Жыда ўжо мусiць пагналi, а на яго месца нейкага савецкага басяка паставiлi, паруску гаворыць. Чорт яго басячыну бацьку знаiць адкуль ён. Гарэлкай залiўшыся, iдзець дык ад яго на сажнi тры як ад броварнай сьмярдзючай бочкi нясець. От ты да яго й падступiся. Гэта каб знаў, як каторыя другiя пранюхалi, дык самагонкi лiтроўку купiў i з сабой узяў-бы. Каторыя так робяць, дык iм першая рука. А рэшта — стаi ў непагадзi, зябнi да касьцей, галодна… што яму, басяку… Некаторыя, што гарэлкi нi прывязьлi, спрабавалi нейкага права даходзiць, ведаеш. Дык як ашчэрыўся, п'янюга! Я вам iцi вашу маць, кажа, кулакi, буржуi й падкулачнiкi, сiчас зламлю вашы буржуйскiя рогi! Вон атсюдава! Госпадзi мой, ня вiдзiць лепей такога! Бокам мне гэтыя мяхi зь зярном вылiзьлi, каб яму прагавiтае на гарэлку горла, нячысьцiку, залажыла. Думаю сабе: сядзеў-бы я лепi дома, круцiў-бы памалу жорны й окэй, здаравейшы быў-бы. Млiва мне гэта бокам вылiзiць. Жарцiкi, так празяб i прагаладаўся. Хоць ты сядзь ды плач, дажылiся, называецца… Сваё, казаў той, цяжкiм потам запрацаванае, спажыць ня маеш як. I даходзь ты дзе якога права…

26
{"b":"103054","o":1}