ЛитМир - Электронная Библиотека
A
A

Лiтоўскiя сяляне маўклiва пазiралi на Косьцiка.

— Так вот, значыцца, — пачаў Сабакевiч звонкiм голасам, — будзем браць, значыцца, па алфавiця. Хто першы ў нас?

— Бахмач, мусiць?

— Ну так, ён-жа на «бэ».

— Давайце яго сюды! Таварыш Бахмач, сколька зямлi вам?

У Косьцiкавым голасе гучыць звычайная дзелавiтасьць, нi iронii, нi пагрозы. Азiраючыся на швагру й вясковых, Пракоп падыйшоў да Сабакевiча. Абапёршыся на змайстраваны зь бярозавых прутоў трохкутнiк, сьмярдзеў з боку карашкамi Захарук, нехлямяжа трымаў у кiшэнях гладкiх портак рукi Шпунт Лявон i калоў маленькiмi вочкамi старшыня камбеду.

— Сколька вам зямлi, спрашываю? — паўтарыў Косьцiк.

— Як гэта? — перапытаў Пракоп. — Колька-ж дадуць…

Як перапалоханы заяц, Пракоп недаверлiва сачыў начальнiкаў. Калi-б замiж абяцанага кавалка зямлi пачалi ў бакi камшыць, — дай Божа здаровыя ногi.

— Дадуць… дадуць! — гарэзьлiва перакрывiў Косьцiк. — Спрашываю, сколка хочаш?

— Дык значыцца можна колька хачу? — ня верыў Пракоп.

— Табе-ж кажуць: бяры колька хочаш! — прыкiнуў Тодар.

— Яно-ж так, — пацьвердзiў голас у грамадзе.

— Калi так… дайце восiм актараў, - асьмелiўся Пракоп.

— Ну вот, так даўно сказаў-бы, — выцягнуў правую руку зь кiшэнi Шпунт.

— Так i запiшам: Бахмачу восiм актараў. - пацьвердзiў Косьцiк. — Пiшы, Лявон. А вы, — зьвярнуўся да Захарука й Пятуха, — бярыце й мерце. Там вiдзiця гэны куст пры гасьцiнцы? От ганiце трохвугольнiкам прама на яго. Як адмерыце сколька да яго метраў, тады адшчытаiм сколька палагаiцца ўшырыню. Панятна? Ты, Лявон, шчытай сколька квадратных метраў далжно быць.

— Па дзесяць тысяч на актар, — нядбайна адказаў калiшнi драгомiшч.

— Знаю й бiзь цябе, — зiрнуў iранiчна Косьцiк. — Запiсвай i шчытай сколька ўсяго.

Лявон выняў зь кiшэнi блакнот i ўзяўся запiсваць.

— Дый нi забудзь, што трэба плян па распрадзяленьню зямлi начарцiць i пасьля ў сiльсавет пiрадаць, — паважна закончыў Сабакевiч.

Перастаўляючы бярозавы трохкутнiк, Захарук пасоўваўся пад чыгунку. Побач яго шкандыбаў, копцячы "казiнай ножкай", старшыня камбеду.

— Семдзесят тры, семдзесят чатыры…

Захарук спынiўся перад слаба сьцятай лёдам лужынай.

— Абыйсьцi, цi як? — спытаў Пятуха.

Лужына была вялiкая. Абыходзячы, дакладна не адмерыш.

— Чорт яго знаiць, — плюнуў Сымон, выцягнуўшы з роту "казiную ножку". Давай бокам, нiма чаго мачыцца.

Асноўная група сялянаў, мiж iмiм колькi жанчын, трымалася на сугры. Некаторыя-ж сiгалi перазь нiву, узараную пад зяблiва, прысыпаную сьнегам, наглядаючы, мусiць, лакомы кавалак.

— Эй вы, там! — гукнуў Сабакевiч, — ня крывiце, iдзiце прама на куст, як палагаiцца!

Захарук i Пятух азiрнулiся.

— Дзе тутака прама, разумны гэткi! Iдзi сам памачыся! Калi Пракопу пару мэтраў даўжэй цi карацей дык бiда вялiкая! — адказаў голасна Захарук. — Ты што гэта ўлегцы шкандыбаiш а я сам раблю? — зьвярнуўся да Пятуха. — На, рабi!

Старшыня камбеду ўчэпiста ўзяў трохкутнiк i пачаў мерыць.

— Сколька ты нашчытаў? — спытаў Захарука.

— Восемдзесят два.

Нагналi iх Тодар Кмiт i Сымонаў брат Уладзiмер. За хвiлiн пяць дайшлi да вызначанага куста. Войстрай сякерай Тодар высек таўсты лазовы кол i ўзяўся ўбiваць яго.

— Сколька там нашчыталi? — крычэў зьверху Лявон.

— Сто дваццаць два.

— Давайце назад!

Мужчыны не сьпяшылiся.

— Ты, Лявон, запiсвай, а вы, мужчыны, мерце ўпоперак. Як угаварылiся, будзiм мерыць па сто метраў, знакi стаўляць. Так будзiць лягчэй падшчытываць.

Дайшлi зь Лiтоўцаў людзi. Нiхто надта не сьпяшыў мерыць. Устанавiлi парадак надзелу па альфабэце, адмерылi мяжу ля забароненай зоны. Адны мерылi, iншыя загадвалi, трэцiя калы ўбiвалi. Праца пайшла хутчэй пасьля асваеньня тэхнiкi распадзелу.

— Гэта-ж, мусiць, цi нi сама найлепшая панская зiмля. Га, тата? спытаў Пракопа Мiкола, што прычыкiльгаў пазьней i цяпер разглядаў нiву. Пракоп адказаў не адразу. Быццам ня верачы ўсяму, што навокал адбывалася, ён нейкiмi задуманымi, адсутнымi дзесь вачмi блудзiў па адмеранай яму зямлi, затрымаўся даўжэй на вялiкiм полi, дзе распаўзьлiся лiтоўскiя, дый спынiўся на тым галоўным гурце, што вiдаць быў на круглаватым бохане аж над лесам.

— Гэта-ж так, сынок… тутака ў пана, што нi пасеiць, дык радзiла, як на лес гледзячы расло… Пшанiца, як золата! Праўда, калi ўзяць лён, дык той зямлю лягчэйшую любiць, а як на бульбу, асаблiва-ж гутманку, дык толька падглiнак. Ну алi будзiм глядзець. Кусок спорны, даў-бы толька Бог здароўя дый каб яно так было, як абяцаюць…

— А што мы тут пасеем, тата? — спытаў Янук.

— Га? Ды вось я хаджу й пра гэта самае думаю. Азiмiны-ж ужо нi пасеiш, дый ў пана тутака й была сёлета азiмiна. Дык, мусiць, каб зь ярыны што… Цяперака-ж думаць трэба чым гэта засеiш. Пакуль тая вясна, дык глядзi унь мышы ў клецi з голаду ногi выцягнуць. Зiмля то зiмля, сама не засеiцца. Каб урадзiла дык i зярно добрае трэба. А дзе яго возьмеш?

— А можа дадуць, тата?

— Нi знаю, сынок, пра гэта яшчо нi гаварылi. Трэба будзiць папытацца.

— Алi-ж i пекная нiва! — захапляўся Мiкола. — Ты-ж, тата, мусiць надта рад, што такую далi.

— Чаму-ж не, кусок зямлi добры, нiма чаго сказаць.

Пракопавы вочы зазьзялi адно на часiну. Былi гэта вочы, зь якiх блеск радасьцi прабiваўся як сонца з густых, завалокшых неба хмараў.

Пытаньне насеньня абмяркоўвалi з Алесям, якому далi кавалак зямлi за тры дзялкi ад Пракопавага.

— Трэба-ж варажыць, што начальства маiць галовы на плячох i мусiла пра гэта падумаць. Яны-ж знаюць, што многа ў каго ня будзiць чым засеiць, дык можа з панскага дадуць. Вазьмi сабе хоць каго з гэтых, каторым зямлю дзеляць, дык колька, ты думаiш, зь iх насеньня маiць… А цi-ж на тое зямлю даюць, каб пуставала?

— Яно-ж сабе так, ну паглядзiм, — згадзiўся Пракоп.

Даўгi, жаўтавата-буры кажух Косьцiкавага бацькi Паўлюка поламi гойдаўся ў такт нехлямяжаму кроку ягонага ўласьнiка. Бурак спынiўся на гасьцiнцы, разгледзеўся й паволi прыблiжаўся. Ён затрымаўся, доўга сачыў што робiцца за ваеннай загарадкай ды, пару разоў кашлянуўшы, зноў зрушыў зь месца. Пракоп i Алесь загадкава прыглядалiся гэтаму «няпрылюдку», як яго ў вёсцы называлi. Кажух выглядаў, як быццам адно што з-пад iголкi. Гэты факт зьдзiвiў Бахмача й ягонага швагру. Скнара Бурак звычайна паказваўся ў людзi ў старых рызманох. Выдатна пашыты кажух усьмiхаўся спэцыяльнымi аздобнымi гузiкамi й прыгожым узорам на грудзях.

— Здарова, мужчыны, — гукнуў Бурак.

— Здароў, Паўлюк.

— Вiджу гэта, што мой начальнiк мусiць ужо адрэзаў вам па добраму куску. Як яно тут?

Ён абапёрся на таўставатую аздобную ляску й пазiраў то на мужчын, то на гонi, то пад лес, дзе трымалася галоўная грамада.

— Ды-ж адрэзаў, ага, — адказаў Алесь.

— Гэттака-ж во мусiць цi нi самая найлепшая зiмля, — гаварыў Бурак. Як гэта яна вам папалася й чаму вам?

Алесь зiрнуў пытальным зрокам на Пракопа.

— Як тутака табе сказаць чаму… Ды во пачалi дзялiць па фамiлiях, як яны па алфавiця йдуць дык i папалася, — паясьнiў Пракоп.

— Ага, от яно як. Добры-ж, надта добры кусок. Хто-ж гэта нi знаiць, калi пры дарозе во, на воку ўсiм…

У Бураковых шэрых вачох успыхнула iскрынка цi то зайздрасьцi, цi прагавiтасьцi. Рэдка бачылi людзi гэтага мужчыну ў грамадзе i яшчэ радзей гаспадарыла ўсьмешка на ягоным твары.

— Ну а сам-жа бярэш? — спытаў Алесь.

— Гэта зямлю, цi што?

— Ага, зямлю.

— А думаеш, што дадуцць i мне?

— Ну а чаму-ж не? Свой-жа начальнiк, як сам ты сказаў, дык чаму-б нi далi… Кажуць-жа, што даюць кажнаму, колька хто захочыць.

— Гэта ты, Алесь, зь мяне кепiкi строiш, цi што?

Сухi кашаль вырваўся гвалтоўна. Паўлюк нахiлiў каўнер, зашпiлiўся. Кашаль трываў даўгавата. Неяк дзiўна зiрнуўшы на мужчын, бяз слова на адыход, Бурак пашкандыбаў у той бок, дзе трымалася большая грамада.

— Кажух во новы з кубла выцягнуў, мусiць, бо кашаль пярыць. Нябось, прагавiтасьць цi ня мерку пiрабрала ды сiлаў нi стаець. Цi нi хацеў-бы во яшчо зямлi кусок, але нашто яна яму ўжо, — гаварыў Алесь, калi пайшоў Бурак.

41
{"b":"103054","o":1}