ЛитМир - Электронная Библиотека
A
A

Косьцiк зрабiў пару крокаў, затрымаўся перад Марылiным сынком. Малы баязьлiва пазiраў на вялiкага дзядзьку ў чырвоным кажуху.

— Як гэта кулака? — адвярнулася Марыля ад ступы.

— Гэ-гэ, — усьмiхннуўся Ромкаў гаспадар. — А ты-ж, дурненькая, мусiць i нi панiмаiш. Гэтак савецкая ўласьць называiць людзей, каторыя многа зямлi й багацьця маюць ды чужы труд iспользуюць. Эксплуататары. Памiмаiш? Гэта ўрагi народа. Iх на Сiбiр вывозяць патаму, што яны процi гасударства. Да, врагi народа, iцi iх маць! I твой тожа ўраг народа, кулак!

Вiд заклапочанай, прыгнечанай нечаканым цяжарам ягоных словаў жанчыны мiла казытаў Косьцiка недзе ў грудзях. Гэта тая самая, некалi пераборлiвая дзеўка, пышная ластавачка-гарэза, каторую яму, Косьцiку, нiяк не ўдалося ў рукi свае цапнуць. Цяперака-ж яна вось вось гэтта перад iм, у ягонай сiле. Выцягвай руку й бяры, гарнi да сябе. А як пахарашэла, як увыдатнiлiся яе ранейшыя прывабнасьцi. Мусiць праўду кажуць, што жаночая прыгажосьць пасьля першага дзiця расьцьвiтае. Гэтак i Марыля. Як дрыготка-прываблiва ходзяць пад тонкай паркалёвай поўныя, тугiя грудзi, як пахарашэў увесь ейны стан i навет, здаецца, папрыгажэлi ногi. I цяпер яна, гэта цаца, "расавая кабыла" поўнасьцю ўжо ягоная, бо нiкуды ад яго не ўцячэ.

Юрлiвым туманам зацягнула дзяцюковы вочы. З салодкай сьведамасьцi, што некалi недаступная дзяўчына цяпер поўнасьцю ягоная, думка раптоўна таўханула ў зусiм iншы бок. Вось пад нагамi вывадак. Цюцелька ў цюцельку парабок Вася. Значыцца стары кулак-ханжа навет i ў пасьцелi ня змог… Косьцiкава каляровае ўяўленьне рэзкiмi штрыхамi намалявала недаступную яму калiсьцi ластавачку-мару ў абдымках нямоглага й крэкчучага Сявенькi. Стары, недалужны клоп на красцы прыгожай. А Васiль парабок, на помач яму… Нешта кальнула Косьцiку пад грудзьмi. А жанчына вось аж дрыжыць ад жаданьня, ёй адно давай ды давай… I за што так жыцьцё згнаiла? За зямлю? Дзе тая зямля цяперака? I чаму-ж яна, — чыстая, прыгожая, жыцьця поўная, — яму першаму не трапiла? Яму — народнаму гэрою, за лепшае шчасьце змагару… Належала-б так. Сьцiснулiся вусны.

— Гэта за тое, што зямлю маюць, дык на Сiбiр iх? — пыталася Марыля. Дык што-ж, зямлi мець няможна? Учорака-ж сам, мусiць, людзям зямлю раздаваў.

"Сама мяне вядзець", — думаў Косьцiк. — "Трэба памалу, намёкамi, страху нагнаць, паволi ўсю гэну гордасьць стаптаць. Каб на каленях памiлаваньня прасiла… во як!"

— Гэта чый? Васiлёў? — спытаў рэзкiм тонам.

Згадка пра Сiбiр напалохала Марылю й яна не адразу на новую хвалю пераключылася.

— Як Васiлёў? Мой! — адказала цьвёрда. Яна падбегла, узяла сынка-пястунка на рукi, моцна прыгарнула да грудзей, села на лаве пры стале й гладзiла Валодзькавы мяккiя валосы.

— Васiль, увесь чысьценька Васiль! — бязьлiтасна гнаў у Марылiну гордасьць балючы цьвек Сабакевiч. Ён падыйшоў да жанчыны, схапiў яе за плячо. — Што-ж, стары клоп дажа дзiця спэцкаць нi сумеў, га? Збоку мусiла шукаць, сучка ты?

У шэрых вачох зазьзялi маланкi. Нiколi ня бачыла iх такiмi Марыля. Гэты чалавек мог лёгка замардаваць. Зь iм няма жартаў. Косьцiк крутнуўся, адыйшоўся, роўнымi крокамi мерыў ушыр i ўздоўж камору. У хаце было цiха, адно паскрыпвалi Косьцiкавы боцiкi. Ён зiрнуў на Марылю й на сына, затрымаўся на вянках прыгожай, адборнай цыбулi пад стольлю, на шастку сьвежых каўбас. Мiльганула думка, што "стары клоп" ужо парсюка закалоць, каўбас нарабiць парупiўся.

— Косьцiк, чаго ты зь мяне зьдзекуешся? Якая я табе сучка?

У голасе гэным чуваць была яшчэ гордасьць, хоць ужо не такая пышная, як раней.

— Я над табой ня зьдзекуюся, Марыля, — палагаднеў Сабакевiч. — Я толька стаўлю точкi над «i». Панiмаеш?

— Не. Якiя гэта такiя точкi?

— Ну от возьмiм цябе. Паглядзiм, што ты была раней i што сiчас… Дзеўка ты была — кроў з малаком: харошая, красiвая, ну i гордая, жардзiнай носа не дастаць. I я-ж цябе любiў, сама знаеш. Ды i цi толька я адзiн… Ну а ты што? Цi гэта ты каб на чалавека глядзела, як замуж iсьцi? Га? Да нет, адкудава там… Зямля табе, во што! Нi чалавек табе быў важны, но толька штоб зiмля была. Так iлi нет?

— А што-ж, муж мой чалавек кепскi? — трымалася Марыля.

— Цьфу на цябе! — крыкнуў Сабакевiч. — Ты гэта што, баранiць яшчо яго будзiш? Можа ён табе й даў тое багацтва, каторага хацела. Алi што, гэта ўсё? Можа скажаш мне, што ём i ў пасьцелi працавiты, га? А табе-ж толька давай да давай! Што, не?

— Косьцiк, як табе ня стыдна! — успыхнула Марыля.

— Мне стыдна? Я за табой бегаў, цябе ажыдаў, думаў, што ты чыстая й харошая, што агледзiшся, прыдзiш… I ты за гэту зямлю красу сваю стаптала, вышла за парахно тое, а посьля парабковымi ласкамi жыла… I мне стыдна? Дзе-ж гэта тая твая гордасьць, дзе твой якi гонар, га? Каго ты стыдзiш, порхаўка ты гнiлая! Пашла ты за зямлю, разумненькая такая, дык во на табе зямлi! Нi казаў я табе некалi, што ўсiм зямлi хвацiць? Сiчас во кажды можа мець сколька хочыць, сколька сам абработаць сумеiць. Ты вазьмi да цьвяроза падумай, дурная ты баба, сколька твой жанiх, з каторага парахно сыпiцца, зямлi абработаць можыць. Га? Эксплуатацыя чалавека чалавекам скончылася наўсiгда! Панiмаiш ты? Чужыя на вас рабiць ня будуць, от как! Дый помнi тожа, што ўсех кулакоў-буржуяў, каторыя з чужога труда й мазыля жылi, стала быць каторыя другiх эксплацiравалi, iх усех пачысьцяць, а зь iмi i сем'i iх паедуць к чортавай мацеры адсюдава. Панiмаеш? Ты знаеш, дурная баба, дзе ты можаш быць? Дык от, разумнiца, нi хацела паслухаць мяне, пагналася за зямлёй, дык цяпер фiгу маеш… Панiмаеш?

Войстры Косьцiкаў голас калоў, тузаў, зьдзекваўся. Пот i млоснасьць прыходзiлi хвалямi. Сьлёзы нахлынулi раптоўна, гарохам. Праўда, намаляваная шорсткiм Сабакевiчавым голасам, выглядала такая няверагодная й адначасна нагэтулькi рэальная, што Марыля ў адчай кiнулася. Яшчэ сяньня ранiцай быў цьвёрды быў цьвёрды грунта пад нагамi, былi мары й спадзяваньнi. Дзе яны цяпер?

Спасьцярогшы матчыны сьлёзы, кiнуўся ў плач Валодзька. Заварожаная й запалоханая Косьцiкам, матка ўзялася цяпер спатольваць сына.

— Цiха, сынок, цiха, мiленькi. Нi плач, золатка.

Яна накiравалася ў спальню, што за перагародкай.

— Ты, сынок, мусiць i есьцiкi й спацькi захацеў, мой ты мiленькi. Пара ўжо…

Марыля села на ложку ля калыскi й расхiлiла сукенку. Сын прылёг да грудзей прагавiта й прыплюшчыў вочы. Мацi гладзiла ясную галоўку.

— Во, мой сынок, есьцiкi захацеў, цацанька. Скора-ж цябе адвучыць трэба, бо вялiкi ты ўжо…

Хлапец смактаў грудзi, а Марыля адплыла на шырокi акiян. Спачатку паволi, пасьля ямчэй усхадзiлiся хвалi й гулкiм прыбоем калацiлi, верадзiлi Марылiна сэрца. I нi вiдаць было ў гэных хвалях нiякае дарогi. Дзесьцi зьверху межавалi яны зь цёмным, грозным небам.

Нехта зьдзекваўся, рагатаў зь яе, з маленькага сынка i з мужа ейнага. "Гэ-гэ-гэ! За зямлёй пагналася, маеш фiгу за гэта, сучка ты!"

Каб нi бацькi, можа накш злажылася-б. Так, напэўна накш было-б. Чаму ей волi нi далi? — Нi глядзi, дачушка, што ён за цябе старэйшы, — раiла некалi мацi. — Ужывешся. Зiмля важна. Што табе малады дасьць? Будзiш зь iм цэлы век, як той Марка па пекле цягацца. Фiгу маiць i фiгу мець будзеце. Рукамi сваiмi нi даробiцеся. А ў гэтага й зямлi, i золата, i дабра ўсякага, хоць ты завалiся. Жарцiкi, так многа часу ў Амэрыцы зарабляў. Iдзi за яго, дачушка, панаваць будзеш…

Пайшла. Напанавала. Няхай яно пропадам прападзе, гарам такое замужжа гарыць. Можа каб шчэ нi зьмянiлася. А так, як цяпер жыць? Зямлю ўсiм дарма даюць, а ад багатых адберуць, бо сам не апрацуеш.

Марыля рэдка куды хадзiла, мала плётак слухала. А iх-жа заўсёды ўволю. Казалi людзi мудрыя, што нi такi чорт страшны, як яго малююць. Ажно зьявiўся адзiн у хату. Размаляваў…

Хвалi на акiяне ўзрасталi. Магутным разьлiвам вылi ў глухой цемры й зьдзеклiва рагатаў нейкi шурпаты голас.

Марыля падняла галаву. У дзьвярох стаяў Косьцiк. Яна забылася пра голыя грудзi, пра Валодзьку, каторы зусiм ацiх, на руках задрамаў. Яе прыкавалi, ёю авалодалi лёгкiм туманам асмужаныя вочы. I Марыля ўжо ведала, што будзе далей: з аднаго акiяну перакiнецца ў другi, з духовага ў цялесны. Яна паволi ўстала й лагодна палажыла сына ў калыску.

43
{"b":"103054","o":1}