ЛитМир - Электронная Библиотека
ЛитМир: бестселлеры месяца
Долой стыд
Дикарь
Два дня
Канун Всех Святых
Весь мир Фрэнка Ли
S-T-I-K-S. Закон и порядок
Околдовать разум, обмануть чувства
Perfect you: как превратить жизнь в сказку
Технарь
A
A

31

Перад зьмярканьнем папусьцiў мароз i ўскатурхаўся свавольнiк-вецер. Лянiва пазабаўляўся сьнежнай трасянкай ля гумнаў, хатаў, на ўхабiнах раскапанага тунэлю гацлага гасьцiнцу, на ўзьлесьсi Гаравацкай пушчы, скалануў Архiпаў чуб. Пачаў арганiзаваць уланаў чартоўскай коньнiцы дый не на сьмех шаржаваць вакол будынкаў. Пасьмялеўшы, сьнежныя, бела-пуховыя буяны джгалi ўздоўж i ўпоперак зусiм адкрытага прастору лiтоўскiх начовак. Вырасталi, iмчалiся на злом галоваў, падалi й зноў паўставалi.

Цi ёсьць што больш велiчнае й захпляючае, чымся завiруха, калi магутная стыхiя iмкне насустрач ночы! Ля гумнаў скрыпяць азяроды, рыпiць у садзе надломаны камель цi галiна, жаляцца скуголяць голыя чубы клёнаў, ля вiльчыкаў засланкай грукоча тая дошка шчыта, каторую "во трэба прыбiць дабрацца". Хтось упоцемку вобмацакам лазiць па гарышчы, поўзае па склепе, кешкаецца пад страхой. Асьцярожна прачынi знадворныя дзьверы зь сяней i прыслухайся: гэта вунь магутны тытан схапiў чуб той лiпы, што ў садзе. Ды не, пiльней трымай вуха: гэта ня лiпа ў садзе, Няйнакш так грымiць сам волат Архiп. А мо й не адзiн ён. Мо ў Гараватцы са старых валатовак устала князёва дружына, зыходзiцца на веча, шумiць-гамонiць народ, раiцца як бацькаўшчыну ад напасьнiка баранiць. Чуеш, як вунь iржаць конi, зьвiняць шлёмы й кальчугi, дзiды й забралы? I цi нi клiнок з аздобленай ручкай урэзася-скрыгануў у шчыт напасьнiка? Чуеш гулкiя званы? Яны Гаравацкiх клiчуць. Гасiце-ськiдайце смаляныя вогненныя ядры, не давайце агню да цэнтру дзяржавы дабрацца! Дый не баранiцца, а наступаць вам, бо найлепшай абаронай ёсьць атака. Гудзяць ваенныя рагi, галосяць дуды, зьбягаюцца вартавыя й памежныя зьблiзку й здалёку. На бой, каб даць адпор! А дыханьне ворага прагнае, напорыстае. Гультай- леў пранюхаў здабычу i ўжо на сухадрэвiне першыя груганы зьявiлiся. Будзе гэтта бой вялiкi, сiла народу галовы паложыць. Чуеш, як напiраюць дружыны волатаў? I ня трывожыць цябе хiсткая, зьняможаная рука абаронцы? Трымайцеся, ня дайце ходу цемры, бо за гэтым боем мяжа. Далей нi прасьвету, нi жыцьця, адно на валатоўках вецер хаўтуры адпяваць будзе.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

У Бахмачовай хаце кацiным вочкам лiпеў на дне перавернутага верхам унiз гладыша на стале каганец. Абапёршыся падбародкам на далонi, сядзеў пры стале Мiкола. Ягоныя буйныя, даўно нястрыжаныя валосы навiсьлi над правым вокам. Хлапец матнуў галавой, адкiнуў назад валосы i ўтаропiўся ў маленькае полымя каганца, што варушылася пад подыхам ветру, якi прабiраўся празь сьцены, абкладзеныя звонку кулявой саломай i абсыпаныя кастрай. Блiжэй парогу, ля вялiкай печы, весела хлiпала ў круглай чыгуннай печцы полымя. Печку кагадзе прывалаклi ў хату, паставiлi на цаглiнах i падлажылi пад нiз абшырны кавалак таўстой бляхi, а комiн правялi ў круглую дзiрку цаглянай печы.

Янук паволi сьцягнуў боты, павесiў на шнуры над печкай сушыцца анучы, надзеў туфлi й сеў на зэдлiку ля печкi. Зiрнуў на брызентавую сумку, у якой насiў кнiжкi й сшыткi ў школу, нешта памяркаваў ды лянiва прыжмурыў вочы. Незадаволены Мiколавай капустай, бурчэў жывот. Хлапец раптам устаў, выбег у сенцы й хутка вярнуўся зь вялiкай жоўтай антонаўкай у руцэ. Адкусiў вялiкi кавалак i паволi, смакуючы, пачаў жваць.

— Ужо зьмякчэла? — спытаў лянiва Мiкола.

— Яшчо цьвiрдаватая, алi ўжо есьцi можна, — адказаў Янук.

Абнюхаўшы прыемны пах антонаўкi, Мiкола пацягнуў носам. Яблакi належвалiся на гары ў кастрыцы.

— Хто ведаiць, якiя налета антонаўкi будуць i цi будуць толька, мяркаваў Мiкола. — Такi марозiшча. Пэўня ўсе сады памерзнуць.

Янук не адказаў, адно апэтытна спажываў яблык.

— Халерачка, во ўсе дарогi пазамятаiць. Як гэта бацька вернiцца? спытаў Мiкола.

Янук уважна зiрнуў на брата. Той быццам вярнуў да рэчаiснасьцi ягоныя думкi, што блудзiлi дзесьцi вельмi далёка. За вакном вецер насядаў на высокiя, дашчаныя вароты пры вулiцы. Вароты скрыпелi, быццам на такi зьдзек скардзiлiся. Мiлiёнамi сярэбраных, празрыстых матылёў стыхiя хвастала знадворныя шыбы падвойных вокнаў.

— Трэба было во аканiцы зачынiць, — сказаў Янук.

— Дык зьбегай ды зачынi, — параiў Мiкола.

— Я босы, — апраўдваўся Янук.

— Можаш абуцца. Нi напрацаваўся ў тэй школе, нябось.

— Ты ўжо напрацаваўся… паўтары сьвiньнi накармiў, пару авечак, карову ды кацёл капусты за цэлы дзень зварыў. Напрацаваўся, называецца, — скрывiўся меншы Бахмач.

— Маўчы! — узлаваўся Мiкола.

Бразнулi дзьверы з вулiцы й нехта шукаў клямкi дзьвярэй у сенцах. У камору ўбегла Алесява Надзя.

— А браточкi, сьнегу во кучу вам прынесла! — усклiкнула дзяўчына звонкiм голаса, схапiла з кута мятлу ды выбегла зноў за дзьверы, а неўзабаве вярнулася ўжоз абмеценымi ботамi. Твар дзяўчыны з румянымi, круглымi шчокамi, ружовымi вуснамi, пасiнеўшым кончыкам носу, прысыпанымi сьняжынкамi валосамi, зьзяў на парозе прыемнай i добрай, зычлiвай усьмешкай. Гэтак цьвiла дзяўчына, што дбала пра гаспадарку, сваiх i чужых людзей. Вочы пабеглi па пустой. змрочнай хаце й на твар напоўз цень.

— Нiма дзядзi яшчо? — спытала.

— Сама-ж вiдзiш, — адказаў Мiкола.

— Вiдзiць вiджу, алi-ж запытацца трэба было. I таты-ж нiма, а яны-ж разам. Ну як вы тутака?

Яна ськiнула шэрую, падношаную бурку, якая крыўдзiла гнуткую й прыгожую Надзiну фiгуру. Каб аздобiў яе ў якое адпаведнае адзеньне, хавайцеся тады вы, вялiкiя, пудрай i рознымi парашкамi цi мазямi размалёваныя гарадзкiя моднiцы.

Зiрнi блiжэй на гэту сьцiплую вясковую кветку i ўявi яе мiж блакiтных званочкаў цьвiтучага лёну, побач памежнай шыпшыны, цi дзiвоснага чабору. Прыгожы матылёк, якому пырхаць ля пышнага суквецьця садоў, бэзаў, цi канюшыны. Хоць дзяўчына найлепш цьвiла-б, здаецца, на ўлоньнi вясны, яна й цяпер, у глухую зiмовую завiруху, у паўзмрочнай хаце сьвятлом вялiкiм прамянiлася.

— Чаму-ж гэта лямпадкi не запалiце? — спытала Надзя й падыйшла да абразоў.

— А нашто? — спытаў Мiкола.

Лямпадку палiлi на вялiкя сьвяты.

— Бацька-ж у дарозе, — адказала Алесява дачка. — Трэба, каб Бог шчасьлiва вярнуцца памог. Дарогi, пэўня, сяўсiм пазамятала, так дуець, што нi дай Ты, Божа…

Зь сярэбранай чашкi, што на лянцужку перад абразом Збавiцеля дзяўчына выняла чырвоную шклянку, да паловы напоўненую воскам, абцерла з кноту нагар, падыйшла да печкi.

— Маеце якую саломiну? — спытала.

Янук дастаў з-за печы кавалак лучыны. Яна ўспыхнула вясёлым агнём. Дзяўчына запалiла кнот у лямпадцы, павесiла перад абразом напокуцi й перахрысьцiлася. Полымя лямпадкi чырваньню аблiло абраз Збавiцеля, пабiты й незашклёны абраз Сьвятой Прадславы й Маткi Боскай з Хрыстом на руках. Кут аздобiўся ўрачыстай таямнiчасьцю.

— Цi хто ўжо прыехаў, можа чула? — спытаў Янук.

— Ды не. Да нас вунь Аксеня забягалася, дык казала, што яшчо нiма нiкога.

— Прыедуць. Як гуртам, то нi заблудзяць. Толька от што дарогi пазамятала, дык даўжэй займiць, — спакойна разважаў Мiкола.

— Як-жа гаспадарка ваша? Усё ў парадку?

— А што маiць быць нi ў парадку? — пытаньнем адказаў Мiкола.

— А што ў цябе ў школе, Янучок? — падцягнула дзяўчына табурэцiк i села ля печы.

— Эт… што табе сказаць, — думаў Янук. — Сягоньнiка нейкая абiзьяна прыхадзiла ў школу й казала нам, што Бог — выдумка, што мы ўсе ад абiзьяны вядземся…

Дзяўчына ўважна зiрнула на двуроднага брата.

— Як ён сказаў? Ха-ха! — пырснула Надзя гулкiм сьмехам. — Ад абiзьяны? Чалавек? Сьмяешся, цi што?

— Яй-божачкi, каб я з гэтага месца нi сышоў, от на Бога прысягну! спаважнеў Янук.

Хвiлiна маўчаньня. Вецер сьцёбаў канцамi галiнаў бэзу па вакне. Скрыпнулi вароты, што ад вулiцы.

— Цi-i-iха! Шшшшш! — падняла Надзя палец. — Не, нiхто ня езьдзiць, гэта вецiр. Дык хто гэта такi да вас, кажаш, у школу прыяжджаў?

— Дарэктар Якаўлеў прывёў яго да нас i сказаў, што ён прыехаў з адзьдзелу "народнага абразаванiя". Сам такi лысы, барада, як памяло, на цэлыя грудзi. Касмылi, вылiты поп. Нейкi чорт, мусiць, ад бязбожнiкаў.

55
{"b":"103054","o":1}