ЛитМир - Электронная Библиотека

AA. Уцёкі ды туляньні. У навушніках

Барахло, што засталося на антрэсолях ад старых гаспадароў кватэры, я выкідаць ня стаў, і раз на месяц, зацьвердзіўшы драбіны, падымаўся й паглыбляўся па пояс у прасторнае цёмнае нутро. Працягнуўшы руку наўздагад, я шнарыў, мацаў і цягнуў. Што толькі не знаходзілася! Медныя тазікі, бадмінтонныя ракеткі, храмаваныя зьмяшальнікі, гумовыя купальныя кругі-акулы, флянэлевыя кашулі. Аднаго разу трапіліся вялікія чорныя навушнікі, мяккія, утульныя, з завітой у працяглую сьпіраль провадам. Навушнікі прыйшліся мне па памеру, і я палюбіў насіць іх на вуліцу замест шапкі. Акрамя цяпла навушнікі даюць значную гукаізаляцыю: зьнешні шум заціхае, а замест яго зьяўляюцца таямнічыя прыгукі ад дыханьня, крокаў па сьнезе, трэньня валасоў аб каўнер.

Зрэшты, пахадзіўшы некалькі дзён у цішыні, я занудзіўся і вырашыў паслухаць аўдыёкнігу. Аўдыёкніга добрая, калі яна доўгая, і калі ў актора нізкі, аксамітны й даверны голас – так я разважыў. «Вайна і мір» Л. Н. Талстога – вось што я спытаў у краме. «Вайна і мір» ідэальна падыходзіць для бясконцага лютага – бязьмежны цягучы сэрыял з рэгулярнымі ўкрапінамі каштоўных і паўкаштоўных сцэнаў. Пакрысе я захапіўся: часта здаралася, што дабраўшыся да дому, я не спыняў кнігу, залазіў наўпрост у паліто на канапу і даслухваў чарговую частку да канца.

Я слухаў Талстога дзень за днём сто дзён, і ён бяз стомы радаваў мяне ладным складам, як радуе дзед унука добрай кашаю. Прагорклыя пілюлі развагаў спачатку былі малыя, круглявыя і праглыналіся непрыкметна. Аднак у эпілёгу дзед выракаваў, што даволі песьціў унука, і ўзяўся за мяне ўсур'ёз. Я гуляў па двары і, ня сьмеючы пакрыўдзіць дзядулю, пакорліва слухаў ягоныя млосныя навучаньні, пакуль раптам ня страціў нітку канчальна, адцягнуўшыся на птушак, які дзяўблі ў сьнезе. Што яны дзяўблі? Грэчку? Проса?

Вярнуўшыся да слуханьня празь некалькі хвілін, і не разумеючы ўжо анічога, я пачаў улоўліваць у кнізе новыя гукі, раней утоеныя ад мяне: смутны гул, падобны да гуду электрычных правадоў, шоргат перагортаў старонак, мэталічны бразгат. Бразгат, мабыць, адбываўся, калі артыст-чытальнік ставіў перад сабой міску зь верашчакай, зьбіраючыся сьнедаць. Чытальнік, як і я, відавочна нудзіўся ў эпілёгу, за ягонымі інтанацыямі чулася стрыманае пазяханьне, а часам ён пачынаў балавацца са сваім голасам, робячы яго то напеўным, то хрыплаватым, то трагічна-выкрываючым.

І раптам – як промень сонца скрозь хмары! – я зразумеў, што артыст ня проста балуецца, а падае мне знакі, гуляе са мной. Цяпер мы зусім забыліся пра настаўніка-дзядулю! Я ўступіў у гульню, усьміхаўся і падміргваў новаму таварышу, нашэптваў яму сьмешныя слоўцы й школьныя анэкдоты. Мы сьпяшаліся: стралялі з рагаткі па бляшанкам, палілі вогнішча ў жаночай прыбіральні й малявалі на цагляным плоце велізарнае чорнае ROCK.

Але тут кніга няўмольна скончылася, і я адчуў пранізьлівае пачуцьцё страты й непапраўнай памылкі: сто дзён я змарнаваў на нуднага дзеда! Не заўважаючы, як мой сябар пакутуе ў адзіноце і ўсімі сіламі намагаецца прыцягнуць маю ўвагу. Хто даражэйшы – настаўнік ці сябар? Дурное пытаньне. Хай ён нявумны, нячосаны й вырасьце п'янчугам, хай. Сябар – ён даражэйшы за ўвесь пэдсавет! Даражэйшы за любыя саслоўі!

Пераслухоўваць, выкручвацца й хітрыць цяпер было позна. З прыкрасьці й разуменьня ўласнае нізасьці я размахнуўся і шпурнуў навушнікі ў сінія сьмецьцевыя бакі.

AB. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра жаніцьбу Толіка

Калі Толік надумаўся ажаніцца, ён ня стаў разважаць і марудзіць. Не прайшло й тыдню, як ён схадзіў у філялягічны інстытут і прывёў адтуль дзяўчыну дзівоснага хараства, знаёміцца. Яна была да таго асьляпляльная, што мы з брацікамі ў моцнай паніцы схаваліся ў хляве й сядзелі там, трасучы галовамі, пакуль яна не сышла дадому. Толік, сказалі мы яму, навошта табе такая? Яна ўцячэ зь першым жа кінарэжысэрам! Дурні вы, адказаў Толік і ажаніўся.

Ейная прыгажосьць была нібы выбух бомбы! Калі мы раней таксама хацелі ажаніцца, дык зараз гэта зрабілася немагчыма: любая дзяўчына побач зь ёй паганіла б позірк нерухомага назіральніка. Некаторы час мы цешыліся тым, што хадзілі ў кіно й рагаталі над выродлівасьцю кінаакторак, але потым туга апанавала нас. Хуліё зьехаў служыць на Каўказ, Колік сеў у турму, а Валік зачыніўся ад людзей і зяцята пісаў.

Але самае неверагоднае, што Толікава жонка нават і ня думала нікуды зьбягаць: яна спраўна нараджала яму дачок, трымала сядзібу ў чысьціні й парадку ды захаплялася кулінарыяй. Празь сем ці восем гадоў пасьля жаніцьбы Толік асьмялеў настолькі, што сам паслаў ейны партрэт славутаму кінарэжысэру Віму Вэндэрсу. Яму адказаў Вэндэрсаў прыказчык, у лісьце ён наракаў на прафсаюзы і прапаноўваў зрабіць жонцы Толіка шнар на бачным месцы, каб тая хоць колькі зраўнялася зь іншымі акторкамі. Але Толік, вядома, не пагадзіўся: калі так, сказаў, дык пляваць мне й на самога Віма Вэндэрса!

AC. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. На вясельлі ў Толіка

На вясельлі ў Толіка было шмат шампанскага, шмат ружаў, белыя галубы, крэмавы лімузын і струнны квартэт. Акрамя звычайнага фатографа запрасілі яшчэ й відэаапэратара, каб ён здымаў усё ў руху. Відэаапэратар адрозьніваўся ад фатографа ашаламляльна: калі фатограф, юнак у саколачцы й джынсах, усё вясельле сьціпла прасядзеў у старонцы, нешта зьлічваючы на паперцы (потым высьветлілася, што ён перамнажаў мэгапікселі), дык відэаапэратар, сівы й станісты, зьявіўся ў шляхецкім мухаяравым каптане, меў шырокую русявую бараду і трымаўся генэралам. Выпіўшы гарэлкі й расчуліўшыся, відэаапэратар расказаў такую гісторыю:

– Жыў-быў аднойчы на сьвеце адзін добры чалавек. Была ў таго чалавека свая хата, жонка была, і дачкі паслухмяныя, і бабулька-матуля, і пародзісты сабака, і нават котка. І быў той чалавек і здаровы, і прыгожы, і цямлівы, і зусім шчасьлівы быў. Але аднаго разу за вячэрай усьвядоміў той чалавек сваю шчаснасьць да таго востра, што нават заплакаў сьлязьмі: як жа шаную я вас, мае мілыя родныя людзі! Якія дарагія вы мне! Расцалаваў ён усіх і на сон блаславіў; самому ж ня сьпіцца. Ляжаў ён і разважаў: колькі небясьпекаў жыцьцё тоіць, падумаць страшна! Умомант я шчасьце свае страціць магу – ці то нягоднікі на дачок паквапяцца, ці то мярзотнікі далікатную жоначку заб'юць, ці то падлы старэнькую матулю зарэжуць. Бо колькі выпадкаў падобных было. Жах! Усю ноч праварочваўся добры чалавек, а ўраніцу не пайшоў на працу, дома застаўся. Замкнуў дзьверы на велізарную завалу, дачок у школу не адпусьціў, жонцы ў цырульні адмовіў, матулі ў булачную забараніў. Сабаку й котку ж пачаў прывучаць да ўнітаза. Ежу ён заказваў праз інтэрнэт, а сьмецьце здрабняў і спускаў у каналізацыю. Так і зажылі, у міры й лагодзе. І ўсё б добра, ды толькі скончыліся аднойчы ашчадкі ў таго добрага чалавека. І аказаўся ён перад выбарам: хуткая, але спакойная сьмерць з голаду – ці дрыготкае жыцьцё ў вечным страху, а потым усё роўна сьмерць. Што б вы абралі, дзеткі?

Мы, вядома, абралі хуткую сьмерць з голаду, але ў шчасьці, любові й супакаеньні.

– Вось. І ён так абраў. І я б так абраў. І любы мужчына, калі ён мужчына, так абярэ. Астатнія ж – недальнабачныя дурні, баязьліўцы і здраднікі.

Тут прайшоў шэпт, што зараз выйдуць маладыя, і мы пасьпяшаліся туды, кідаць рыс і сэрпантын.

AD. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра шэры пясочак

Часьцяком, каб як сьлед пакрыўдзіць адзін аднаго пасьля падвячорку, мы з брацікамі чакалі, пакуль цыгары раскурацца, і распачыналі гісторыі з усялякімі намёкамі. Ніколі нельга было адгадаць, хто пакрыўдзіцца першы, а часам крыўдзіўся нават сам апавядальнік. Таму, каб пазьбегнуць правакацыйных перагляданьняў і пераморгваньняў, як толькі гісторыя пачыналася, мы ўставалі й разварочвалі фатэлі ў розныя бакі. Хуліё любіў гісторыі пра каханьне, Колікі – пра турму, Валік – пра мастацтва, Толік – пра далёкія краіны, ну а я расказваў усё запар, што ў галаву прыйдзе:

49
{"b":"551729","o":1}