ЛитМир - Электронная Библиотека

F4. Зь ліста Толіка. Пра тэатар

<...> і я паляцеў. Цалкам самадастатковая краіна, але часам ім патрэбныя тэхнічныя спэцыялісты кшталту мяне. Людзі тамака – усе творчыя, ну дашчэнту ўсё, уявіце. Вам бы спадабалася. Хто пісьменьнік, хто музыкант, хто скульптар, хто дызайнэр, а хто й філёзаф нават. Прычым ня вытычкі нейкія, а спадчынныя, дынастычныя, у доўгіх пакаленьнях. Вось толькі невясёлыя ўсё, панурыя. Я спачатку не разумеў, чаму, а потым перакладніца мне патлумачыла: ім няма каму паказаць свае працы. Па-першае, кожны заняты сваімі, а па-другое, у іх назьбіралася столькі заведама выдатнае клясыкі, што марнаваць час на сумніўных сучасьнікаў – проста глупства. Я быў дужа зьдзіўлены і зь цяжкасьцю паверыў, але ў той жа вечар пераканаўся, што яна ані не забольшыла. Гуляючы па набярэжнай, я натрапіў на невялікі тэатар, было якраз сем, і я наважыўся зайсьці. Квіткоў не спыталі, заля была пустая. Калі празь некалькі хвілін заслона рассунулася, дык акторы, убачыўшы мяне, расчынілі раты са зьдзіўленьня. Яны закрычалі, заклікаючы кагосьці, і з глыбіняў выскачыў напалоханы пастаноўца – ён падбег да мяне і стаў паціскаць руку, выбачацца за штосьці й жаласна зазіраць ў вочы. Нарэшце ён махнуў хустачкай і спэктакаль пачаўся. Я не разумеў ані слова, але глядзеў уважліва, усьведамляючы ўласную адказнасьць, і нават баяўся паварушыцца. Здаецца, гэта была гістарычная п'еса. Акторы сьпявалі, скакалі й рухалі дэкарацыі. Калі ўсё скончылася, я падняўся і стаў пляскаць, а яны кланяліся. Пастаноўца ўсхліпнуў, закрыў твар далонямі, і я, паддаўшыся імпэту, абняў яго за плечы і прыцягнуў да сябе. Ён плакаў у мяне на грудзях, мармытаў расчуленыя падзякі, а акторы спусьціліся і таксама плакалі. Я гладзіў іх па валасах, суцяшаў, цалаваў у мокрыя твары, і яны цалавалі мяне ў адказ, а потым <...>

F5. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра школьныя дні

Калі мы з брацікамі ўзгадаваліся ды сталі аканчальна дарослыя, на нас часам па-ранейшаму навальвалася непераадольнае жаданьне пайсьці ў школу. У такія дні мы клаліся спаць крыху раней, а раніцай, пасьнедаўшы крэпкім індыйскім чаем з кексамі і курагой, начэплівалі ранцы і йшлі цугам па школьнай сьцежцы, па росных пустках, па імглістых ярах. Наша школа, цяпер дзіўна маленькая, ужо не вырастала шэрым гмахам здалёк, як раней, а нечакана выяўлялася ў зарасьніках зьдзічэлых сьліў: карычневая, у нарастах вапняку і ракавінак, з крывымі шчарбінамі паміж рагавых цаглінаў. Мы агіналі агароджу з поўначы, каб не глядзець на магілы дырэктара і настаўніка фізкультуры, і ўваходзілі праз заднія весьніцы, нагінаючыся і прытрымліваючы адзін перад адным тугія сьлівавыя галіны. Бэтонная лесьвіца даўно раскрышылася, і мы, ускараскаўшыся па гурбе пазасьмяглых глёбусаў, залазілі ў школу цераз акно сталовай. У сталовай яшчэ лунаў слабы водар кіслае капусты і печанае бульбы, у высокіх сэрвантах яшчэ можна было адшукаць пакунак-другі фруктовых вафляў, але цішыня й белы пыл тленьня, што выслаў пустыя паверхні, прымушалі нас захоўваць стрыманасьць і сур'ёзнасьць. Мы пераабуваліся ў лямцавыя тэпцікі і мякка рухаліся па калідорах, зазіраючы ў аўдыторыі. Дошкі аблезьлі зь зялёных у шэрыя, крэйда ссыпалася, табліцы Мендзялеева пацямнелі й набраклі халоднай восеньскай расой. Кожны крок узбуджаў гул у доўгіх масьніцах, сыпаўся пясок, трэскалі шкляныя аскепкі. Стаміўшыся, мы збочвалі ў клясу, прысаджваліся за фанэрныя парты. Калені й жываты не зьмяшчаліся ў вузкіх праёмах, і мы мусілі стрымліваць подых і з высілкам усоўваць іх сантымэтар за сантымэтрам. Уладкаваўшыся і прадыхаўшыся, мы ўяўлялі, што пачаліся заняткі геамэтрыі, і цяпер нас чакаюць пабудовы бісэктрысаў і мэдыянаў. Пэналы з алоўкамі і цыркулямі нам цяпер заменьвалі шчыльныя поліэтыленавыя пакеты з хлебам, аранжавыя тэрмасы з настоем цыкорыя і шырокія нажы для шынкоўкі капусты. Толік хутка-хутка круціў ручку генэратара на паходнай электраплітцы, Валік чысьціў часнык, Колік цёр сыр, а мы з Хуліё алеілі патэльню па акружнасьці і наразалі хлеб роўнабаковымі трыкутнікамі. Грэнкі смажыліся, паветра ў клясе дрыжала і сагравалася, з акна праглядвала сонца, лашчачы залысіны. Мы хрумсьцелі грэнкамі, маўчалі, а часам задавалі адзін аднаму розныя пазнавальныя задачы: пра цягнікі ды адлегласьці, пра колькасьць яблыкаў, пра малако ў бітонах. На салодкае быў джэм і бісквіты, а потым мы трохі драмалі, крадком, пакуль не здавалася, што зьвініць званок. Нам было пара вяртацца, але парты моцна трымалі нас пасьля насычэньня: мы мусілі з усіх сілаў напружваць ногі й рукі, каб вызваліцца. З трэскам кашуляў і скрыпам рамянёў мы выдзіраліся ў праходы, адсопваліся, зьбіралі ранцы. Мы спрабавалі жартаваць, але выходзіла паныла, і мы тапталіся, азіраліся, адкідвалі вечкі ў надзеі знайсьці штосьці забытае, і нарэшце марудна сыходзілі, ужо плянуючы і прадчуваючы наступнае вяртаньне.

F6. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра ляжаньне

Самы цяжкі час для нас з брацікамі надышоў, калі мы ўдосталь насамарэалізоўваліся. Сьпярша здавалася, што гэта вельмі патрэбна і вельмі няпроста – самарэалізавацца – але потым... Можа, камусьці гэта і сьмешна, хто ўжо ўсё ведае, але нам тады было зусім не да сьмеху. Мы ляжалі на канапах і марудліва пілі віно, літры віна, то кіслага, то салодкага, усё адно якога – а што яшчэ было рабіць? Толік спарадзіў дзьвюх дачок, купіў ім кватэры, машыны, выдаў замуж, Валік атрымаў чын тройчы заслужанага мастака, Хуліё пакахаў усіх дзяўчын у межах кальцавое дарогі, Колік прымусіў выдыгаць перад сабой самых закаранелых злачынцаў. І нават я навучыўся дакранацца пальцамі да падлогі, не згінаючыся ў каленках. Што далей? З нуды мы разжыліся шэрым лямцом і шылі тапкі, нейкія бязглуздыя, нікому не цікавыя тапкі. Калі шыеш тапку, добра ўкалоць шылам палец: выступае шарык крыві, забаўна надзімаецца і сасьлізгвае кропляй на споднікі. Размазваеш кроплю і разглядаеш – на што падобна? Шкада, гэты чырвоны хутка жухне і ператвараецца ў карычневы, чорны. Адварочваесься, шукаеш хоць макулінку новага, хоць бы ў прытхлых складках прасьцінаў. Быццам доўгая хвароба, без акрыяньня, бяз гуку, бяз звону ў вушох – але ж рана паміраць? І ляжыш у піжаме, у нейкім бессэнсоўным швэдры, у вязаным пуловэры, глытаеш гарачы кампот. Хіба так павінна быць? Адзінай нашай надзеяй заставалася будучыня – раптам у будучыні штосьці здарыцца, звонку альбо ўнутры, і нам ізноў захочацца ўстаць?

F7. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра вытанчэньне

Калі мы з брацікамі былі маленькія й хадзілі ў школу, быў у нас адзін цьвердалобы настаўнік, сэньёр Рунас, у мінулым ці тое абат, ці тое ксёндз. Ён займаўся з намі фізкультурай і працай, і твар ягоны быў безпачуцьцёвы, як у тыбэцкага аскета. Мы ўсё чакалі – калі ж ён заплача? Але ён ня плакаў і ня плакаў, ён быў зусім бяздушны і ўчарсьцьвелы. Аднойчы Колік знарок ушчаміў сабе палец вечкам парты, да крыві, і паказаў яму, але той нават брывом не паварухнуў, паглыблены ў сваё. Аднак цярплівы заўсёды застаецца ў выйгрышы, і мы з брацікамі выйгралі: калі надышла пара сэньёру Рунасу паміраць – заплакаў ён, як дзіця. Пажаліўся ён нам, што шкада яму расставацца з кветачкамі лугавымі, зь сінім небам, з сонейкам, шкада невыразна. Што ж ты ня плакаў, дзядзька, калі да месцу было, калі да часу? – злараднічалі мы. Хоць зрэшты злараднасьць наша была напалову са спачуваньнем – быццам мы самі паміралі разам з сэньёрам Рунасам – з такім незвычайным для нашых гадоў спачуваньнем. Мы сабралі яму палявых кветачак, галінак папараці, травяных мяцёлачак і ўсякіх дароў агарода: агрэсту, яблыкаў, рознай радыскі. Ён быў расчулены і не засмуціўся, што нясьпелае й нямытае, якая яму ўжо была розьніца, недарэчна мерцьвяку турбавацца пра страўнасьць. Мы сядзелі ля магілы й раіліся, як жа мы цяпер будзем вывучаць фізкультуру ды працу? Мы дамовіліся нічога не казаць дырэктару пра сьмерць сэньёра Рунаса, інакш бы ён знайшоў нам новага настаўніка, зноў якога таўстаскурага мужыка, і чакай потым чакай, пакуль ён вытанчыцца. Мы самі бегалі, скакалі, пілавалі лобзікам і ставілі сабе адзнакі ў клясны журнал – і дырэктар так нічога і не заўважыў. Мы былі такія тонкія, што ледзьве не ўзьляталі, лягчэйшыя за паветра, сьветлыя, прыгожыя, кучаравыя. Мы марылі, што калі вырасьцем, станем настаўнікамі.

67
{"b":"551729","o":1}