ЛитМир - Электронная Библиотека

Annotation

Леанід Левановіч — вядомы беларускі пісьменнік, аўтар пяці раманаў, звязаных аднымі героямі і месцам дзеяння. "Палыновы вецер" працягвае гэты цыкл, у які ўваходзяць раманы "Шчыглы", "Паводка сярод зімы", "Дзікая ружа", "Сіняе лета", "Бесядзь цячэ ў акіян". У новым рамане расказваецца пра распад СССР і палітычныя падзеі 1980-90-х гадоў, якія аказаліся лёсавызначальнымі для многіх савецкіх людзей, пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС і пра бязмежнае каханне ў радыяцыйнай зоне.

Леанід Левановіч

Палыновы вецер

І

ІІ

ІІІ

ІV

V

VІІ

VІІІ

ІХ

Х

ХІ

ХІІ

ХІІІ

ХІV

ХV

ХVІ

ХVІІ

ХVІІІ

ХІХ

ХХ

ХХІ

АПАВЯДАННІ

КАЛЯДНЫ БАЛЬ

ПРОСІНА ТАЯМНІЦА, альбо ЯК ПЕЎНІК ГУСАКА АДДУБАСІЎ

КАЛЯДНЫ БАЛЬ

СУСЕДАВА ПАДКАЗКА

ФУТЭРКА

Леанід Левановіч

ПАЛЫНОВЫ ВЕЦЕР

Раман. — Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2009. — 224 с.

Палыновы вецер

Даруй мой уздых глыбокі:

Душу працінае вецер.

О, як адзінока на гэтым свеце,

Хоць столькі насупраць вокан!

Душу працінае вецер,

Вецер, як у паэме Блока.

Алесь Пісьмянкоў

Черный вечер

Белый снег,

Ветер, ветер!

На ногах не стоит человек

Ветер, ветер —

На всем Божьем свете!

Аляксандр Блок

І

Звычайна  ён прачынаўся  рана — а пятай гадзіне. Сёння прахапіўся яшчэ раней: цемра ахутвала сенавал, цішыня, густая,  вязкая, панавала вакол. Аніводная  птушка не абзывалася:  птушкі  сваё адспявалі, на дварэ ўжо Спасаўка — за парогам  стаіць  восень.

Раптам Бравусаў насцярожыўся — угары, пад страхою,  пачуўся нейкі шоргат, лопат крыл. Ён аж здрыгануўся ад нечаканасці, але хутка здагадаўся: гэта вярталіся з начнога палявання кажаны. Бравусаў ведаў, што пад страхою каля вільчыка жывуць кажаны,  праз дзіркі ў франтоне вылятаюць на волю, а зімуюць у ягоным склепе: вісяць уніз галавою, маленькія, усохлыя, быццам згорнутыя ў трубачку альховыя лісткі. Кажаны адшукалі сваё сховішча, супакоіліся. Тады гучна залапатаў крыллем певень, зацягнуў спрадвечнае залівістае “кукарэку”.  Неўзабаве  адгукнуўся другі пявун, потым яшчэ адзін. зноў балюча апякла думка: як мала засталося насельнікаў у Хатынічах. Некалі было паўтары сотні двароў, а зараз нейкі тузін — засталіся самыя зацятыя, упартыя жыхары, якія не захацелі ўцякаць ад Чарнобыля. Іншыя ж, як пачалі даваць грошы за іхнія пабудовы, разляцеліся па свеце, нібы птушкі ў пошуках цёплага краю. А вось шолахі кажаноў узрадавалі Бравусава. Праўдзівей, не самі гукі, а тое, што ўчуў іх. Летась ён, Уладзімір Усцінавіч Бравусаў, адсвяткаваў сваё шасцідзесяціпяцігоддзе, паранены, кантужаны на вайне, але глядзі ты, не глухі, як турлушка. А яшчэ гэта азначае, што за ноч добра выспаўся, у галаве светла, ціск нармальны, бо апошнім часам чуў гул увушшу, жонцы Марыне даводзілася размаўляць з ім мацней.

Колькі ж гэта часу, падумаў Бравусаў, закінуў руку за падушку, дзе ў сене ляжаў пляскаты ліхтарык. Пасвяціў на гадзіннік, і хоць лічбы на цыферблаце выразныя, не маленькія, усё роўна не разабраў. Акуляры з сабой не ўзяў, каб не раздушыць неспадзеўкі. І яшчэ падумалася: ночы ўсё даўжэюць, мацней сціскаюць у абдымках дні, якія ўсыхаюць, скарачаюцца. Таму ранішняе святло ніяк не можа прабіцца на сена.

Добра, што вушы не падводзяць, а вочы... Зрэшты, няма чаго Бога гнявіць. Яшчэ ў сорак чацвёртым, пасля ранення пад Рагачовам,  пракачаўся  ў шпіталі чатыры месяцы і яго камісавалі па блізарукасці. Бравусаў вярнуўся дамоў, акрыяў, маці лячыла ягадамі, найбольш чарніцамі, і о дзіва, ён схаваў у шуфляду стала акуляры і не даставаў іх амаль сорак гадоў!

А мінулаю восенню давялося пра акуляры ўспомніць. Дык гады ж не малыя. Колькі чаго перажыта! Колькі актаў, пратаколаў склаў участковы інспектар міліцыі Бравусаў за трыццаць гадоў добрасумленнай службы! Мог загінуць яшчэ ў першыя месяцы вайны, калі прабіраўся з акружэння ажно з-пад Яльца ў родную вёску. Колькі разоў глядзеў смерці ў вочы камандзір партызанскага ўзвода Валодзька Бравусаў! І награшыў нямала. Пад Рагачовам раззлаваны спрэчкай з салдатам Рацэевым — той лаяў  калгаснае жыццё, — нават узяў яго на мушку падчас атакі. Але не паспеў націснуць на курок: нямецкі снарад апярэдзіў. Ад Рацэева засталося адно ашмоцце...

І ўсё ж Бравусаву, мусіць, было наканавана забіць чалавека. Ён зрабіў гэта не наўмысна: Крупадзёраў, былы ўпаўнаважаны па нарыхтоўках, на добрым падпітку кінуўся на яго з кулакамі. Бравусаў бараніўся і перавысіў меру абароны — неспадзявана задушыў гаспадара хаты, з якім разам выпівалі. Крупадзёраў запрасіў Бравусава прыехаць па дробную бульбу, хацеў аддзячыць, што дапамог выкапаць увесь агарод. Сустрэча даўніх знаёмцаў сталася трагічнай. Але ніхто пра гэта не дазнаўся: былы ўчастковы замёў сляды.

На дварэ  святлела, у шчыліны адрыны цадзілася ранішняе святло, але сонца яшчэ не ўзышло, і ўставаць Бравусаў не спяшаўся. Пачуў, як ляснулі дзверы веранды — значыць, выйшла Марына. Ах, каб яна сюды завітала! А мо паклікаць? Жаданне імгненна авалодала ім, хуценька адчыніў вароты, гукнуў:

— Марына! Хадзі на хвілінку.

— Ну, як табе спалася? — Марына пільна зірнула на яго. — Учора ты перабраў троху.

— Ды не, Марынка. У мяне, хвакцічаскі, шматгадовая трэніроўка. Паўлітэрка ды пры добрай закусі, што сабаку муха. Не будзем пра ета. Мы з табой яшчэ сянні не цалаваліся, — прыхінуў да сябе жонку, абняў пяшчотна.

— Дык не было ж калі. Яшчэ і сонца не ўзышло.

— А што нам сонца? Ты — маё сонца. Ты — мая радасць, — ён пачаў яе цалаваць, усё болей распаляючыся...

Марына не ўхілялася ад пацалункаў, наадварот, ускінула яму рукі на плечы, прыўзнялася на дыбачкі і аддалася асалодзе. Нават пах гарэлкі  не перашкаджаў, яна і сама выпіла ўчора пару кілішкаў, моцна спала і прачнулася з жаданнем ласкі. Усё яе цела, якое чакала мужчынскай любові амаль цэлае паўстагоддзе, перапаўняла спрадвечная жарсць. Марына выйшла на вуліцу, пацягнулася, пашкадавала,  што не пайшла спаць на сена, захацелася, каб ён паклікаў яе. І ён адчуў ейнае жаданне. Хіба гэта не дзіва!

Марына думала пра гэта, калі разгарачаная, шчаслівая, ляжала на яшчэ дужай руцэ свайго мужа.

— Я вось ляжу, а ў мяне яшчэ ўсё трапечацца, — шумна дыхаючы, сказаў Бравусаў.

— Дакуль ты ячшэ будзеш трапятацца? — у голасе Марыны ён пачуў усмешку, задаволенасць і спадзяванне на новую радасць.

— На дзве пяцігодкі мяне хопіць. А можа, і на тры.

— Ну, расхрабрыўся, як той певень.

— Да пеўня мне далёка. Ён, хвакцічаскі, пакуль трох-чатырох чубатак уранні не патопча, зерне дзяўбці не стане. А я толькі цябе хачу, ластаўка ты мая мілая…

Бравусаў злавіў сябе на думцы, што першай жонцы, Тамары, з якой пражыў трыццаць пяць гадоў, рэдка казаў ласкавыя словы. Цяпер зразумеў, што грэх шкадаваць добрага слова Марыне, якую любіў з маладосці, якую помніў усё жыццё і ўжо не спадзяваўся, што лёс звядзе іх.

Марына быццам здагадалася, пра што ён думае, шурпатаю, агрубелаю далонню пагладзіла  яго твар, парадзелыя сівыя валасы... Яна была ўдзячная небу, Богу, хоць і не верыла ў глыбіні душы, што ён ёсць, за гэтую радасць  на сыходзе гаротнага, самотнага жыцця. Марына нічога добрага ўжо не чакала. Думала, як дажываць адной у пустой  бацькоўскай хаце. І тут з'явіўся Бравусаў. З таго часу, як пачалі жыць разам, яна часцяком  пазірала ў люстэрка і не пазнавала сябе:  пад вачыма разгладзіліся гусіныя лапкі зморшчынак. Вочы па-маладому заблішчэлі. Марына не хадзіла, а лётала па зямлі, ёй хацелася спяваць, скакаць,  абдымаць штоначы свайго мужа. Неяк Юзя. Мамутава жонка-мінгчанка, прынесла  загорнутую ў газету кніжку. “Пагартай, Марынка. Тут усё пра любоў. “Кама-Сутра” называецца. Мне сяброўка з Масквы  прывезла. Хай і Усцінавіч пачытае. А ў ложку добра чытаць удваіх,— падміргнула Юзя.— Натхняе мужыкоў  на подзвігі. Мой Еўдакімавіч, граматны чалавек, дырэктар школы. А пагартаў кніжку,  дык  сказаў,  што ў яго вочы адкрыліся.  І мы смялейшыя робімся”.

1
{"b":"551730","o":1}