ЛитМир - Электронная Библиотека

Андрэй Хадановіч

Перавыбранае

Вершы з пяці кніг

З кнігі “Старыя вершы” (2003)

Ноч у мытні пры старым замку
Сам насам са швэдрам, што кінуты ў кут,
сам насам са страчаным часам,
сам насам з уласнай прысутнасцю тут,
са столькім, што ўжо не сам насам, –
знадворку, бо замак замкнуты стары,
на пекную гледзячы зорку
(знадворку адносна ўсяго, што ўнутры, –
так блізка, што ўжо не знадворку),
нарэшце стамлюся ад словаў, чужы
у некалі скончанай спрэчцы,
нарэшце спынюся на самай мяжы –
так позна, што ўжо не нарэшце.
Выбар
я абіраю вольнасць
як абіраюць бульбу
атожылак пінскай
пасля панямонскай
нарэшце чарнобыльскай
шляхты
(што сынку дапамаглі табе
гэтыя ш-ш-ш-ляхі?)
які атруціўшы атрамант
амаль не зважае на лямант
бо покуль не момант
скуголіць раўці турбавацца
праз нейкія там бел-чырвона-
белыя плямы на мапе
згвалчанай колісь Еўропы
Падшпарак-Пачварак
Я завуся Падшпарак-Пачварак,
бо паводжу сябе вельмі дрэнна.
Я аматар падступак і сварак;
не чытайце маралі – дарэмна!
Каб дабро пацярпела фіяска,
я гатовы пайсці на злачынства…
Ах, спадар буржуін, калі ласка,
запішыце мяне ў буржуінства!
Адчуваю нашмат сябе ўтульней,
як залажу ў чужыя кішэні.
Пагуляць у дарослыя гульні
запрашаю – прымі запрашэнне!
Я юнак-падсвінак, юны злодзей.
Спадары, пашкадуйце дзяцінства:
я з маленства жыву на балоце –
запішыце мяне ў буржуінства!
Я страшэнна хачу бочку сочыва,
я страшэнна хачу кошык печыва,
а маё сэксуальнае рэчыва
ўсё чакае чагосьці жаночага!
Вам прадамся за смачную булку
(толькі страўнік – крыніца адзінства!),
палітычнага дайце прытулку –
запішыце мяне ў буржуінства!
З лістоў Івана Жахлівага да Н.К. Крупскай
Богу роўным станецца той смяротны,
Што будан сямейны з табой раздзеліць,
Раявацьме поруч з такою порсткай,
Палкай кабетай!
Твой пяшчотны голас пачуе зблізку,
Любы твар убачыць у сне й наяве,
Лёгкае дыханне па кроплі вып’е
Ў цёмных прысадах!
Навярзе на вушка нясціплых рэчаў,
А пасля занурыць у пацалунках:
Пацалуеш раз, а юрлівым вуснам
Хочацца болей…
Дай яму спазнаць і дабра, і ліха,
Дай яму сарваць незямное веды
З дрэва каталогаў тваёй машыны
З назваю “Apple”!..
Мушу скончыць ліст: пару пільных справаў
Маю вырашаць, а найперш – павешу
Ўсіх стральцоў. Чакаю твайго адказу.
Ваня Жахлівы.
1 крэсавіка 598 (?) да н.э., выспа Віскас
Львоў
Юрку Прахаську
Адапхнуцца ад Ратушнай вежы ды рынуцца ў бездань,
каб магутныя крылы паноўных над местам званоў
падхапілі, панеслі, загойвалі даўнюю бессань,
занураючы ў фарбы ляткіх недабачаных сноў.
Бессэнсоўна лунаць, абмінаючы стрэчныя вежы,
прамінаючы коміны ў іхнай цаглянай красе.
І спачыць ад палёту, і пасвіць начныя відзежы
на бляшанай, старой, незнаёмай з дахоўкай страсе.
Назіраць, як у шпацырах вечар праводзяць львавяне,
па спякотных гадзінах лагодны вітаючы змрок,
удыхаючы водар з густоўнай павохнай кавярні,
пад павекамі цемры павольна губляючы зрок.
Усміхацца разумнаю ўсмешкай крылатага блазна
жабраку, што пры цэрквах на вечных жабрачых правах.
А калі заманецца агледзець усё падрабязна –
і самога сябе нечакана знайсці далавах.
Заблукаць, загубіцца, заблытацца, трапіўшы долу,
ў камяніцах, дзе genius loci дагэтуль жывы.
Са шматлікіх святыняў аддаць перавагу касцёлу –
пасля шклянкі-другой каньяку ля армянскай царквы.
Ля муроў Бернардынаў піць піва з вядомым паэтам;
калі ж зноў скалане наваколле стрывожаны спіж,
павучынай сягнуць па-над галіцкім бабіным летам,
як паветраны змей, самагубна ўзлятаючы ўвыш…
Заблукаўшы ў паветры, прасторы, няздзейсненым міце,
каляровы матыль, папяровы кітайскі дракон
патанае ў блакіце, блакіце, блакіце, блакіце…
І вялізарны звон пераможна плыве наўздагон.

З кнігі “Лісты з-пад коўдры” (2004)

Лісты з-пад коўдры
праз акно месяцовы поўраз
апускаецца па крывой
я не бачу
залез пад коўдру з
галавой
навісаюць словы хадульна
расстаўляюць пасткі пасты
а пад коўдрай цёпла і ўтульна
і нястрашна пісаць лісты
будзе рады палкоўнік маркес
і астатнія пацаны
асцярожна ступае накрас
клышаногі й трохі п’яны
не кампутарныя крамзолі
а жывое рукі сляды
хай баляць на пальцах мазолі
не бяды
бо нашто электронная пошта
калі проста так не ў пару
немавед пра што і навошта
немавед каму гавару
1
{"b":"551915","o":1}