ЛитМир - Электронная Библиотека
размовы з экерманам
мысьлю значыць яшчэ жывы
каб любіць пярдолю на вы
быццам івіка журавы
на палесьсе да беларусі
бо я ўмею лётаць у сьне
не тану ў айчынным лайне
і на самым глыбокім дне
покуль дыхаю спадзяюся
паталухi гашыш віно
два такія жыцьцi за адно
толькі каб не зусім лайно
позна ворагі за ракою
ты ня вер што рады дамо
камісар суцэльнае чмо
nevermore крумкач nevermore
не кружы над маёй башкою
уваччу стаяць міражы
дзе радзімыя рубяжы?
ад маркоты і настальжы
на шчацэ ўскочыў фурункул
той куточак перада мной
толькі скронь зіхціць сівізной
што сьмярдзіць? натуральны гной
у рэторце падох гамункул
усё для дзетак бацька мінай
будаўніцтва распачынай
хай квітнее (з)абраны край
а чакаць імгненьняў цудоўных
дармаедам забарані
хай майстры лядовай гульні
адпрацоўваюць працадні
ў змайстраваных табой лядоўнях
хай кахаюць баб мужыкі
партызаны рвуць цягнікі
прызвычайвайся сьвет такі
звычка нам другая натура
піянэрам скажы шалом
за радзіму гінуць аблом
дык зьбірайце мэталалом
усё іншае макулятура
* * *
кожны старт азначае фініш
і канчаецца альфабэт
толькі ўласнае “я” закінеш
у кірылічна-кілерскі сьвет
ён сьмяецца аж бачыш дзясны
бог з машыны
аўтар з аўто
на пачатку ня вельмі ясны
і далей невядома што
не тырчыш ад сьвету? тым горай
бачыш іншыя пад настрой
прагнуць кайфу кожнаю порай
кожнай парай кожнай парой
ліст да сьвету прыйдзе знадворку
ў панядзелак
адкуль? куды?
знойдзеш аўтарку да аўторка?
дасі рады да серады?
вунь мінак юнак недарэка
мутны погляд шчасьлівы твар
прэцца ў пошуках чалавека
чырванее пад вокам ліхтар
мудакі стаяць у мундурах
кулі-дуры стаяць у чарзе
покуль бард нахтыгаль прыдурак
ачмурэла вершы вярзе
брыдучы ў неймавернай мове
па скалечаным целе трысьця
паміраючы ад любові
да жыцьця
падарожжа
схіліўшыся ўначы да офіснае лямпы
што некалі правёў у кожны дом ільліч
глядзець на манітор дзе штампы штампы штампы
і кожны дабл клік як ваяўнічы кліч
сусьветнае лайно прымаючы варожа
як пералётны птах сапсець на правадах
а потым карабель пачатак падарожжа
сьпярша суцэльны жах а потым зьедзе дах
а навакольны сьвет хоць ты яшчэ падлетак
ня грэбуе табой і пад сябе грабе
сьціскаеш у кулак камяк нэрвовых клетак
і пераймае дых і вусьцішна табе
бяссоньніца гулец у словы словы словы
засмучаны габрэй вяршуе за сталом
ты сьпісак шындлера прагледзеў да паловы
і кожнаму з мужоў пасьпеў сказаць шалом
ня чуюць мерцьвякі а пераможцы сьвіньні
як скажа адысэй вярнуўшыся дамоў
каханьне багавіц патоне ў багавіньні
разьюшаным багом не да тваіх прамоў
раўнівыя мужы няверная галена
як сьцьвердзіў буалё адпраўлены ва ўтыль
п’яному караблю сем футаў па калена
парыскаму арго пасуе ўсякі штыль
і гумбэрт на вадзе й лаліта ў залюстроўі
паветраны пацук кажан на караблі
ты страціў наўсуцэль псыхічнае здароўе
ня ведаеш чаму і немавед калі
што ты гэкубе й што табе да той гэкубы
нябога гэракліт стаячая вада
траянскаму каню не зазірай у зубы
як гаварыў кароль паўцарства за дада
гуляюць у футбол аякс і макавеі
бязногі ахілес ганяе чарапах
спакусьлівая плоць бяз скуры ружавее
i цемрай зеўраюць вачніцы ў чарапах
нам троя й картаген дзіцячаю пляцоўкай
узброены амур нам проста авадзень
багіня-карабель з крывавай распальцоўкай
зь цямрэчы паўстае вітайма новы дзень
* * *
архівуй гэты плач
свой уздых да ліста прыатач
запусьці ў тэмпе згадак
па вялікай паштовай раўніне
для спакою душы
пасьля гумару смайлік пішы
і на ўсякі выпадак
пастукай па штучнай драўніне
кадаваныя сны
хай навобмацак рушаць адны
нетрываласьць маны
кірылічнаю глінай замесіш
дасканаласьць CV
парушае трымценьне ў крыві
а таму абарві
прафэсійна зацягнуты мэсыдж
у глыбокай начы
на тутбаі сваім вісячы
дзе ні сьвята ні будня
й гудзе электронна прастора
не пытай: хто ідзе?
то кругі па люстранай вадзе
каляровая студня
стрывожаны сон манітора

З кнігі “Сто лі100ў на tut.by” (2007)

@ @ @
Каб мне першабытны талент – уся пячора
дзівілася б на малюнкі, дзе ўсюды – Вы.
Шанцуе, нібы тапельцу: ад самага ўчора
да самага сёньня глядзеў на Вас – і жывы!
І можна не чырванець – інтэрнэт стрывае
наскальнае шчасьце нахабнага вастрыя.
Як файна, што Вы – прыгожая і жывая!
І недзе – проста жывы – расчулены я.
7
{"b":"551915","o":1}