ЛитМир - Электронная Библиотека
@ @ @
Паэты ляцяць у вырай,
з вульлёў прагнаныя трутні.
І кожны – з гучнаю лірай,
і кожны – пры звонкай лютні.
Шукаюць ратунку ў сховах:
у сьвеце зроблена досыць
будынкаў шматпавярховых,
ды іх туды не запросяць.
Ляцяць, чарадзеі й прынцы,
як ліст, адпраўлены Вам.
У кожнай паштовай скрынцы,
нібы навязьлівы спам,
марнуюць словы і сьлёзы
і ладзяць для дзетак шоў,
канаючы, як стракозы
на ганках у мурашоў.
@ @ @
Гаспадыні едуць на баль, а служкі
ганаровыя ладзяць для іх эскорты.
Ды апоўначы haute couture Папялушкі
ператворыцца… у элегантныя шорты.
Яе хросная маці – зорка на балі,
сыцылійка, паводле апошніх чутак.
Пэрсанажы казкі ўжо задзяўбалі:
кожны дзень прыходзяць мераць абутак.
Кожны вечар – цуды, як абавязак,
і ўхіліцца проста няма надзеі.
Шарль Пэро, стварыўшы паўсотні казак,
ад нуды паўсоты раз вар’яцее…
Нехта баксы ў лапу швайцару суне.
Засынаюць прынцы, пысамі ў тортах.
І стаіць разгубленая красуня:
без карэты,
бяз туфліка,
у адных шортах.
@ @ @
кожнага ранку порцыя кіслароду
чорная кава з порцыяй белай сьмерці
порцыя працы за так і за ўзнагароду
порцыя шчасьця якой адразу ня зжэрці
кожнага ранку новая порцыя сьвету
порцыя смутку і трохі дзіўнай любові
добрыя весткі з новага запавету
добры намер і пекла напагатове
маеш час і натхненьне звані сяброўцы
хай небясьпечная сувязь разгорне крылы
ці алімпійскія чэмпіёнкі на “стомэтроўцы”
выйдуць на старт па першым званку мабілы
чарку і скварку зьменіш на іншамарку
ці на вайсковую форму прыкід багемны
восень на вогнішчы паляць нібы вядзьмарку
дым айчыны гаркавы але прыемны
@ @ @
Адскрабеш пін-код на купленай карце,
назавеш пароль электроннай варце,
далучаючы да сусьветнага сьмецьця
лішні доказ свайго існаваньня ў сьвеце.
Тэлефон заняты і хата з краю:
калі ласка, на выхад, істота з краю,
дзе каманды ротам даюцца ротам
і задротам больш ня цесна за дротам.
Па начным тарыфе сабе дазволь ты
ператнуць высокі й высакавольтны,
бо палёты ня толькі ў сьне і па сьмерці,
бо пакінеш сьлед, якога ня сьцерці,
завісаючы ўсур’ёз і надоўга
над Потсдамэрпляц і гарой Міндоўга,
над Сафіяй і сопацкаю эстрадай,
над Высокім Замкам і Вісластрадай,
па-над Нёманам з Барысам і Глебам,
па-над хмарамі й высакавольтным небам.
@ @ @
Складаю хайку –
не хапае словаў,
пішу паэму –
пераймае дых.
Паэтам
невылечна мёртвых моваў
да сьмерці
прахадзіць у маладых.
@ @ @
дзяўчынка натуе сны
і піша на yahoo.com
хлапец на сьцяжыну вайны
выходзіць мудак мудаком
шукае цыцкі дзіцё
змагаецца барацьбіт
віруе быццам быцьцё
пасьля нібыта нябыт
нябёсы вісяць – узваж! –
і бачацца ўсё ярчэй
як дрэды і татуаж
калі ня помніш вачэй
і кожны мінак – манах
бо ў сэрцы неба і Бог
і ты ім патрэбны нах…
але й табе яны пох…
@ @ @
А хто гэта там ідзе,
па вушы ў глыбокай багне,
дзе песьні не завядзе
ні птушка ў лесе, ні Бах, ні
Бэтховэн, гады ў нудзе,
як “Оду радасьці”, цягне?
Скідай дарэмны багаж,
нашто валачыць каменьне,
калі ў загашніку гаш,
калі ў займеньніку меней
за ймя, няверны Тамаш,
ці варта помніць найменьне?
А ты ўкладаеш пярсты
і дурыш іншым галовы,
разводзіш, нібы масты,
назоўнікі й дзеясловы,
прыняўшы за “я” і “ты”
былога сьвету паловы.
Ды цемра – частка сьвятла,
што ты пагасіў дазваньня.
Бяз ранку – і ноч сышла:
ня сон і не чуйнаваньне.
І клеіш кавалкі шкла
ў разьбітым адлюстраваньні.
@ @ @
Прагартаўшы жыцьцё настолькі, што ўжо закладку
укладаеш ня між астатніх, а між прачытаных старонак, забываеш амаль пра ўсё, што было спачатку,
і гартаеш спачатку – і раптам бачыш: пячатку
на старонцы сямнаццаць пакінуў чыйсьці пярсьцёнак.
І глядзяць чырвоныя вочы на паляроідзе:
пераходны ўзрост – на крызыс сярэдняга веку.
І гаворыш сабе, што ўрэшце і гэта пройдзе,
і вяртаеш кнігу ў школьную бібліятэку.
9
{"b":"551915","o":1}